Паўстагоддзя навукова-даследчай дзейнасці Рыгора Лазько з Лунінецкага раёна
Новости районаОбщество

Паўстагоддзя навукова-даследчай дзейнасці Рыгора Лазько з Лунінецкага раёна

Нашаму земляку Рыгору Рыгоравічу Лазько споўнілася 75 год. Яго малая радзіма – вёска Вулька 1 Лунінецкага раёна. Тут юбіляр нарадзіўся, закончыў васьмігодку. Затым была вучоба ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы паліграфістаў у сталіцы тагачаснай БССР, работа ў гарадскім пасёлку Ганцавічы.

У школе самым любімым прадметам была гісторыя, але так склалася, што на аддзяленне гісторыі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта паступіў толькі ў 20 гадоў. На календары быў 1968 год. Тады ў вядучай альма-матэр працавалі выдатныя навукоўцы-гісторыкі: Лаўрэнцій Абецэдарскі, Данііл Клімоўскі, Міхаіл Корзун, Фёдар Нячай і іншыя. Гістфак БДУ лічыўся адным з лепшых у СССР. Таму па заканчэнні вучобы ўраджэнец палескай глыбінкі атрымаў фундаментальную адукацыю.

На фарміраванне Рыгора як асобы паўплываў і такі факт, што на факультэце працавалі людзі, узнагароджаныя баявымі ордэнамі за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Дэкан Пётр Савачкін, прафесар Рыгор Трухноў, дацэнт Юрый Драгун і іншыя выкладчыкі часта выступалі перад студэнтамі. Тэма “Вайна вачамі франтавікоў” шмат што значыла для студэнта. Гэта было выдатнае ваенна-патрыятычнае выхаванне.

Юнак выдатна вучыўся і пастаянна дэманстраваў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Гэта паўплывала на далейшы лёс. Па накіраванні Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР быў залічаны ў штат кафедры гісторыі СССР і ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта на пасаду асістэнта. Працаваў выдатна, паспяваў ўсюды. Не толькі выкладаў, але і быў куратарам у студэнцкай групе, бездакорна выконваў абавязкі члена ўчастковай выбарчай камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет СССР. У першы ж год работы яго артыкул трапіў у зборнік навуковых работ выкладчыкаў.

Пазней была мэтавая аспірантура БДУ. Навуковым кіраўніком стаў доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР Леў Шнеярсон. Належаць да яго навуковай школы лічылася вельмі прэстыжна. Кіраўнік быў вельмі задаволены вучнем. І не выпадкова. У сакавіку 1979-га Рыгор бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі польска-французскіх адносін у сувязі з агрэсіўнай палітыкай Германіі ў Еўропе. Адну з яго работ прапанавалі на ўніверсітэцкі агляд-конкурс на лепшую работу маладых вучоных.

У пачатку 1982-1983 навучальнага года кафедра паставіла пытанне пра аднаўленне спецыялізацыі па ўсеагульнай гісторыі. З 1984 па 1998 гады і з 2004 па 2012-ты наш герой узначальваў дадзенае структурнае падраздзяленне.

Несумненнай заслугай земляка стала распрацоўка плана спецыялізацыі кафедры з апорай на яе навуковыя даследаванні і ўсталяванне сувязей з буйнымі навуковымі цэнтрамі, уключаючы Інстытут балканістыкі і славяназнаўства АН СССР. А яшчэ Рыгор Рыгоравіч уваходзіў у лік аўтараў, якія працавалі над першым пакаленнем школьных падручнікаў у незалежнай Беларусі. Юбіляр быў адным з аўтараў дапаможніка па сусветнай гісторыі навейшага часу для сярэдняй школы, які выйшаў у 1993 годзе. З яго ўдзелам пазней убачылі свет вучэбныя дапаможнікі для 9 класа і студэнтаў-гісторыкаў.

З 1998-га па 2001 гады Рыгор Лазько вучыўся ў дактарантуры пры кафедры новай і навейшай гісторыі БДУ, а пасля яе заканчэння зноў звярнуўся да падрыхтоўкі навучальных дапаможнікаў для сярэдняй школы. Ён разам з доктарам гістарычных навук, прафесарам Генадзем Космачам і іншымі высокакласнымі спецыялістамі напісаў эксперыментальныя падручнікі для 9- і 10-класнікаў. У далейшым яны перапрацоўваліся і зноў задавальнялі патрэбы вучняў і настаўнікаў.

У 2007 годзе адбыліся дзве важныя падзеі ў жыцці і дзейнасці ўраджэнца Вулькі 1 – ён стаў дэлегатам Першага з’езда вучоных Рэспублікі Беларусь і атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі. А ў 2018-ым ён пацвердзіў высокі статус навукоўца, атрымаўшы знак “Выдатнік адукацыі”.

З 2012 па 2022 гады Рыгор Рыгоравіч працаваў прафесарам кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Яго вучні неаднойчы станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх конкурсаў студэнцкіх навуковых работ. Цяпер ён афіцыйна непрацуючы пенсіянер, але па-ранейшаму застаецца ў прафесіі.

За паўстагоддзя навукова-даследчай дзейнасці Рыгор Лазько надрукаваў больш як 200 работ. Гэта – гістарычная класіка. У кожнай рабоце адчуваецца наяўнасць моцнага інтэлектуальнага стрыжня, дакладна ставіцца праблема, прасочваецца ўменне яе вырашаць з дапамогай нетрадыцыйных метадаў. Не дзіва, што цікавасць да творчай спадчыны навукоўца вялікая, а індэкс цытуемасці – унушальны. Удвая радуе, што гэта – наш зямляк!

Міхаіл СТРАЛЕЦ. г. Брэст.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть