Падарунак роднаму гораду і яго жыхарам
пры фінансавай падтрымцы райвыканкама і райсавета падрыхтавала рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”.
У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі прайшла прэзентацыя кнігі “Милая малая родина, вечная наша любовь…”. Укладальнік зборніка і аўтар большасці аповядаў і інтэрв’ю са знакамітымі землякамі Таццяна Вайцяхоўская расказала пра работу над кнігай і сустрэчы з яе героямі. Некаторыя з іх завіталі на мерапрыемства. Цёплыя словы адрасавалі журналістам мотабаліст Аляксандр Бабіч (ён прыйшоў на сустрэчу з унучкай Дашай) і былы загадчык аддзела культуры Галіна Мар’іна. Пранікнёна дзякавалі за такое прыгожае і змястоўнае выданне галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Ірына Жук, а таксама кіраўнікі: паэтычнага клуба “Муза” пры ГДК – Вольга Грыдзюшка і творчага згуртавання “Літаратурная правінцыя” пры цэнтральнай бібліятэцы – Віктар Пінігін.
Вы зрабілі вялікую і вельмі патрэбную справу, – сказаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Мазько. – Я вельмі спадзяюся, што кніга будзе мець працяг, бо лунінецкая зямля вельмі багатая на таленты і людзей, чыімі дасягненнямі ганарацца ўсе землякі.
Словы Андрэя Іванавіча адразу ж пацвердзілі самабытная паэтка з Вулькі 1 Анастасія Пратасавіцкая, юная лунінецкая пявуння Аліна Грушэўская і прызнаны майстар мясцовай сцэны Леанід Яраховіч, якія парадавалі мілагучнымі песнямі.
Кветкі, песні, вершы, цёплыя пранікнёныя словы… Прэзентацыя стала памятнай сустрэчай старых сяброў, падарыла добры настрой і паклала сімвалічны пачатак юбілейным святаванням Дня горада.