Пярсцёнкі шчасця Любові і Міхаіла Чарнавокіх з Лунінца
Рэчы, якімі мы карыстаемся, маюць канкрэтны тэрмін эксплуатацыі. Адны разлічаны на год, іншыя на дзесяцігоддзе і болей. Але ёсць асаблівыя, што не зношваюцца і не старэюць наогул. Для Любові і Міхаіла ЧАРНАВОКІХ з Лунінца такімі з’яўляюцца заручальныя пярсцёнкі, надзетыя на пальцы 50 год таму. Пранесеныя на далонях гаспадароў праз горычы і радасці, яны сваім цнатлівым зіхаценнем нагадваюць сённяшнім залатым юбілярам аб момантах далёкай маладосці, калі стваралася іх дружная сям’я.
Люба і Міша раслі ў Лунінцы, некаторы перыяд жылі па-суседству, а потым вучыліся ў адной школе. Але па іроніі лёсу яны не былі знаёмымі. Хлопчык на тры гады старэйшы, ён звяртаў увагу на маленькую прыгажуню. І гэта засталося ў памяці. А вось дзяўчынка запрыкмеціла будучага спадарожніка нашмат пазней, на танцах у клубе чыгуначнікаў, куды збіралася вечарамі мясцовая моладзь.
Да 20-годдзя не хапала некалькі месяцаў, як Люба стала нявестай. Мінула столькі часу, а ў сэрцы не згасаюць салодкія ўспаміны пра той момант. Пад покрывам белага вэлюма сэрца трапятала ад хвалявання, калі выбраннік дакрануўся да яе далоняў, прашаптаўшы пяшчотнае прызнанне ў каханні. І жонка даверыла мужу свой лёс, стаўшы адзінай і любячай “палавінкай”.
Але жыццё мае не толькі светлыя колеры. Іх маладую сям’ю чакала горкае выпрабаванне – страта першынца. Хлопчыку тады ішоў другі год, шчаслівыя бацькі радаваліся кожнаму кроку і слову. Ды аднойчы з прыступам вострага болю малога адвезлі ў бальніцу. Урачы змагаліся да апошняга, але не выратавалі…
Агульнае гора яны перажывалі разам, шукалі супакаенне ў штодзённай занятасці. Праз некаторы час спакутаваныя сэрцы сагрэла нараджэнне дачушкі Ларысы, потым на свет паявілася Ала. Заняліся будаўніцтвам уласнага дома, хацелі мець куток на свой густ. Пакояў узвялі шмат, з высокай столлю і вялікімі вокнамі. У той перыяд народ імкнуўся да святла і прасторы. Жыццё ўвайшло ў звычную каляіну, напоўненую клопатамі пра дзяўчынак і рабочымі буднямі.
Любоў Міхайлаўна пасля школы стала швачкай. Але прагі да чыста жаночай справы не адчувала. Таму з росквітам вядомага на ўвесь Савецкі Саюз завода па вытворчасці электрарухавікоў уладкавалася ў чыгуналіцейны цэх размеркавальнікам работ. І гэта прадпрыемства было адзі-ным у яе працоўнай біяграфіі. Пераходзіла з аднаго ўчастка на другі, мяняла спецыфіку, асвойвала новыя абавязкі, але ніколі не ўзнікала думкі аб звальненні. Прыйшла нявопытнай дзяўчынкай, а развіталася з калегамі толькі пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
Міхаіл Максімавіч пачынаў электрыкам. На той перыяд галіна развівалася, давала шырокія перспектывы. Ды юнака больш прыцягвала чыгунка, таму неўзабаве стаў машыністам цеплавоза. Падабалася хуткасць, захапляла рамантыка. Але на яве ўсё было складаней. Аднойчы ў цягніку ўзнік пажар, пад пагрозай аказаліся жыцці людзей. Другі раз надзвычайную сітуацыю стварыў п’яны мужчына, які ляжаў на рэйках. Хутка спыніць лакаматыў немагчыма, ад пачуцця безвыходнасці было невыносна цяжка. Горшага пашчасціла пазбегнуць, ды здарэнні адмоўна паўплывалі на самаадчуванне. У 40-гадовым узросце з інфарктам апынуўся на бальнічным ложку, ад двух паўторных – ледзь выжыў. З любімай работай давялося развітацца назаўсёды.
М.М. Чарнавокаму тады ўрачы прапаноўвалі аформіць групу інваліднасці і атрымліваць пенсію. Але народ, выхаваны на патрыятызме ваеннага мінулага, лічыў іначай – трэба не здавацца, да апошняга быць у рабочым страі. Таму ён адмовіўся ад ільгот і ўладкаваўся электрыкам на завод, дзе працавала жонка. Сёння праблемы са здароўем пастаянна нагадваюць аб сабе, сэрца “патрабуе” беражлівых адносін. Акрамя медыкаментаў, лечыцца паездкамі ў лес за грыбамі і з вудамі на рэчку. Спакой і размеранасць любімага адпачынку дораць прыліў новых сіл, свежае паветра дзейнічае лепш за таблеткі.
Любоў Міхайлаўна мае пасведчанне “Ганаровы донар Беларусі”. 40 разоў яна здавала кроў, ратуючы жыцці незнаёмых людзей. Дабрачынная справа прыносіла душэўнае задавальненне, ведала, што нехта бачыць узыход сонца, дзякуючы яе нябачнай дапамозе. Жанчына хутка адзначыць 70-гадовы юбілей. Паважаны ўзрост не перашкаджае заставацца актыўнай, працалюбівай і жыццярадаснай. Амаль кожны ранак пачынае з паездак на дачу на веласіпедзе. Два ўчасткі па 10 сотак з бульбай, клубніцамі і агароднінай апрацоўвае самастойна.
– У нас агульны падрад, – жартуе гаспадыня. – Муж прыносіць дадому рыбу і грыбы, а я – усё тое, што можна вырасціць. Хочацца пачаставаць карыснымі прадуктамі і малодшых. Дачушкі з сем’ямі жывуць у Лунінцы. Ларыса прысвяціла сябе медыцыне, Ала – бухгалтар. Падарылі нам чатырох унукаў – Марата, Дзмітрыя, Максіма і Серафіма. Чакаем, што хлопцы хутка вызначацца з будучыняй і парадуюць праўнукамі. Даўно ў хаце не чулася дзіцячага смеху.
На загарэлай далоні Любові Міхайлаўны ззяе залаты пяр-сцёнак з паўвекавой гісторыяй. Ён азарае шлях жанчыны, якая ва ўсім адчувае падтрымку самага блізкага чалавека. Разам ім прасцей ісці па жыцці, напалову дзяліць горкае і салодкае. У позірках дагэтуль не згасае агеньчык пачуццяў, запалены ў далёкім 1972 годзе, калі яны сталі на шлюбны ручнік. Шануючы сямейныя каштоўнасці, юбі-ляры даюць годны прыклад павагі і ўзаемаразумення новым пакаленням.