«Рэдактар першы мой». Васілю Андрыянавічу Літвінчуку — 90
Сёння, 1 ліпеня, 90-годдзе адзначае Васіль Андрыянавіч Літвінчук, які быў галоўным рэдактарам «Ленінскага шляху» (зараз «Лунінецкія навіны») у 1962-1970 гг. Лепш за ўсіх раскажуць пра яго калегі.
РЭДАКТАР ПЕРШЫ МОЙ
Калі некаму здасца, што фраза гучыць, як “настаўніца першая мая…», ён не памыляецца. Хачу расказаць пра Васіля Андрыянавіча Літвінчука як свайго першага рэдактара, першага і вельмі ўплывовага настаўніка ў нялёгкай журналісцкай справе.
Пачуццё насцярожанасці і няўпэўненасці доўга не пакідала мяне, калі прыйшла ў рэдакцыю. Хутчэй за ўсе гэта было адчуванне ні на што не здатнага чалавека, які часова трапіў у асяроддзе добразычлівых, апе дастаткова ўпэўненых і іранічных людзей. Тым больш, што ў калектыве не было жанчын-журналістак. Як мне паспелі паведаміць, рэдактар сказаў, што возьме адну, але толькі для таго, каб прыцягваць да работы па спецыфічных далікатных жаночых пытаннях. Для гэтага я таксама не была гатова. Яшчэ раз падкрэсліваю: мне доўга здавалася, што я ў рэдакцыі часова. Ад гэтага пачуцця і дапамог пазбавіцца Васіль Андрыянавіч.
Не ведаю, ці гэта быў яго прынцып — кідаць адразу ў ваду, ці так адбылося са мною, у першы ж дзень далі рэдакцыйнае заданне: напісаць пра палітінфарматара або агітатара (да гэтага часу не ўяўляю дакладна, якая паміж імі розніца). Бачачы мой разгублены погляд, Васіль Андрыянавіч сказаў: ідзіце ў партаддзел, там дастаткова часопісаў, пачытайце, калі матэрыялаў будзе недастаткова- схадзіце ў бібліятэку. Самае ўражлівае, што вынесла з гэтай “палітадукацыі”, выказванне Маркса: “Где мысль сильна, там дело полно силы”. Пайшла на сустрэчу са сваім героем, як у бяздонне галавой.
Кожны дзень былі новыя заданні па рознай тэматыцы. Як старанны вучань, спяшалася вывучаць спецыяльную літаратуру. Але потым заўважыла, што мне гэта дае значна менш, чым гутарка з рэдактарам. Наогул у тыя часы, відаць, дзякуючы Васілю Андрыянавічу, у рэдакцыі была такая завядзёнка. Прыехалі з раёна (а па аднаму ніколі не ездзілі, машыну давалі рэдка), заходзіў рэдактар і пытаў: “Як з’ездзілі?”. Гэта былатакая чарнавая справаздача. Прычым расказвалі ўсе разам, а рэдактар толькі задаваў пытанні. Потым зразумела — ён правакуе. Журналіст бачыць праблему па-свойму, а ён падкідвае такі нечаканы ракурс, што будучы аўтар вымушаны расшыраць уяўленне аб той праблеме, над якой працуе.
Магчыма, таму, што я не паспявала ўключыцца ў размову або мне проста яшчэ не было чаго сказаць — яшчэ не акрэсліваўся так хутка, як у іншых, матэрыял — Васіль Андрыянавіч запрашаў мяне на разборку асабіста. Гэта цяпер разумею, што ён вучыў мяне, як адрозніць знешні бок здарэння ад яго сутнасці, вучыў паставіць сябе на месца іншага чалавека, пра якога збіраюся пісаць. Выклікаючы журналіста на размову, рэдактар фарміраваў будучы матэрыял.
Сказаць, што выходзіла пасля такой размовы з палёгкай, няпраўда. Палёгка прыходзіла потым, калі нечакана ў маёй свядомасці высвятлялася падзея як маленькі абразок жыцця. Штуршок даваў рэдактар сваёй, здавалася, нічым не абавязваючай размовай.
Думаю, усе, хто пачынаў працаваць з Васілём Андрыянавічам, абавязаны тым, што ён выхоўваў пачынаючых журналістаў не “нравоучением”, а ўчынкам. Неяк распісалі мне пісьмо аб тым, што адзін сусед ссёк дрэва, на якім буслы звіпі гняздо. Рэдактар прапанаваў мне пракаменціраваць допіс. У асаблівай раздумлівасці пачаў расказваць, як у іх вёсцы лічыпі, калі чалавек пашкодзіў буслам, ён наклікаў бяду на сваю сям’ю. Асабліва ўразіла, што аднавяскоўцы Васіля Андрыянавіча, вярнуўшыся з партызан у спаленую вёску (ён, дарэчы, у 14 гадоў атрымаў баявы медаль у партызанах), думалі перамяніць месца жыхарства. А калі ўбачылі, што буслы пачынаюць майстраваць гнёзды на спаленых дрэвах, людзі засталіся. Паколькі ў мяне не было ўласных уражанняў на гэты конт і з класічнай літаратуры нішто падобнае не прыходзіла ў галаву, наколькі магла, па- маляўнічаму выклала гісторыю, расказаную Васілём Андрыянавічам. Паставіла свой уласны подпіс. Здала ў сакратарыят. Потым бачу ў паласе стаіць мой матэрыял, а пад ім мой псеўданім. Не тое, што пачуццё сораму, хутчэй няёмкасці авалодала мною. Але гэта быў урок: аўтар не мае права пераступаць мяжу паміж уласным і чужым словам.
Дарэчы, аб уменні валодаць словам. У час нейкай ідэалагічнай кампаніі паспрабавала абурыцца: «Колькі можна пісаць аб адным і тым жа?». Рэдактар не любіў «строптивых», але ніколі не пачынаў спрэчку. Ён сказаў з усмешкай: “Усё жыццё будзеце пісаць аб адным і тым жа, трэба толькі знайсці новае слова”. Тады я яшчэ не разумела, наколькі ён меў рацыю.
Усе ведалі, што Васіль Андрыянавіч — выдатны стыліст. Ён слова адчуваў па інтуіцыі. А нас прымушаў працаваць так, каб у цэлым шэрагу сінонімаў знайсці адзінае, самае выразнае і ўражваючае. Журналіст вучыцца слову ўсё жыццё, але мяне ўласна прымусіў рабіць гэта Васіль Андрыянавіч. Ён не прымаў матэрыял, дзе была двухсэнсавасць, грувасткасць, не было выразнага вобраза.
Асабіста мяне Васіль Андрыянавіч вучыў да канца высвятляць усе акалічнасці: датычаць яны матэрыялу, або ўзаемаадносін з людзьмі. У кожнага журналіста ёсць шэраг знаёмых і незнаёмых, якія збіраюць для газеты неабходную інфармацыю. Здараецца, што некаторых нават не ведаем у твар, але адносімся да іх з даверам і ўдзячнасцю. Была і ў мяне — у нарыхтоўчай канторы. Восеньскі час. Звяртаюся да яе, прашу падабраць лічбы. Яна без падрыхтоўкі выдае: адправілі на Кубу 60 тон бульбы. Раблю інфармацыю ў газету, унутрана задаволеная: цікавы факт. На наступны дзень пасля выхаду газеты выклікае рэдактар: “Дзе ўзяла такую «інфармацыю»?”. Тлумачу. “Вось ідзі ў нарыхтоўчую кантору і высвятляй, хто і чаму так з табой размаўляў. Ніякай бульбы на Кубу не пасылалі”. Якая нялёгкая гэта была хада. Але пасля гэтага людзей, з якімі працую, стараюся ведаць у твар, і часта службовыя адносіны ператвараюцца амаль у сяброўскія.
Але як умеў абараняць нас Васіль Андрыянавіч! Мы часта з пэўнай доляй іроніі гаворым: прафесійная салідарнасць, як, дарэчы, і сямейнасць. Але сярод сумленных і аб’ектыўных людзей гэта не такія ўжо заганныя паняцці. Я, пачынаючая журналістка, напісала крытычны матэрыял і ўпамянула імя кіраўніка правінаваціўшайся ўстановы. Ён пазваніў мне і аблаяў. Паколькі рэдактар вельмі час-а заходзіў у кабінеты супрацоўнікаў, магчыма, на шчасце, размова адбылася якраз у прысутнасці Васіля Андрыянавіча. Ён не чуў слоў майго апанента, але танальнасць размовы зразумеў, а потым і пазваніў яму асабіста. Якое было маё здзіўленне, калі на наступны дзень мне зноў пазваніў той кіраўнік. Ён не прасіў у мяне прабачэння, але я адчувала, наколькі змяніліся яго інтанацыя і лексіка. Наш рэдактар меў “вагу” сярод кіраўнікоў.
I яшчэ запомнілася, як Васіль Андрыянавіч умеў арганізоўваць рэдакцыйныя ўрачыстасці. Ён любіў прыгожа накрыты стол, добрую музыку і блізкую па духу або па роднасці кампанію. Рэдакцыйныя ўрачыстасці мы адзначалі ў рэстаране, рэдактар заўсёды папярэджваў, каб прыходзілі з мужамі і жонкамі, з жаніхамі, нявестамі. Ён гатоў быў мацаваць нашу рэдакцыйную сям’ю, як сваю ўласную. На такіх вечарынах усім было весела, ніхто не хваляваўся, што яго не зразумеюць або асудзяць. Калектыў быў невялікі і, мне здавалася, на рэдкасць аднадушны.
Калі хто-небуцзь падумае, што з Васілём Андрыянавічам было лёгка працаваць, ён памыляецца. Было цяжка, але для мяне асабіста гэта была цяжкасць пераадолення сваёй недасведчанасці, скажу шчыра, недастатковай прафесійнай адукацыі, хаця, упэўнена, журналіста нельга навучыць, яго можна развіць. Вось так даў штуршок майму развіццю мой першы рэдактар.
Памятаеце песню “Маэстра”, якую выконвае Ала Пугачова? Спявачка выходзіць на сцэну, бачыць у зале свайго куміра і разумее, што менавіта яму абавязана поспехам. Вось так і я зараз кажу Васілю Андрыянавічу: “Дзякуй, маэстра!”.
«Лунінецкія навіны». 15 кастрычніка 1994 года.