РГА «Белая Русь» папаўняе свае рады
На 35 чалавек папоўнілася раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, якую ўзначальвае Раіса Мазырчук. Мерапрыемствы прайшлі напярэдадні важнага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства.
Самае масавае далучэнне адбылося ў УАЗ “Цэнтральная раённая бальніца”, дзе пасведчанні новых членаў атрымаў 21 работнік.
– Прыемна, што людзі ахвотна прыходзяць у нашы рады, – адзначае Раіса Якаўлеўна. – Гэта сведчыць аб іх выверанай грамадскай пазіцыі. Праўда, павіншаваць усіх разам не атрымалася. Спецыфіка работы ў медыцыне такая, што ў любы момант можа спатрэбіцца дапамога пацыентам. Таму прадстаўнікам з Мікашэвіч і сельскай мясцовасці вырашылі ўручыць дакументы на месцах. Больш масава сустрэча прайшла ў Лунінцы, падчас якой галоўны ўрач Святлана Хлебус пажадала ўсім здароўя, поспехаў і згуртаванасці.
Пабольшала ў раённай арганізацыі і колькасць прадстаўнікоў, якія працуюць у галіне адукацыі і сельскай гаспадаркі – імі сталі работнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Велута” і дзіцячага сада ў Кажан-Гарадку. У асноўным гэта моладзь, якой належыць у будучым працягваць узяты сучаснікамі курс на адзінства, мір і стварэнне.
Марыя ЯРАХОВІЧ.