Сэнс жыцця. Пяць дзяўчынак-прыгажуняк Таццяны і Івана Ярмольчыкаў з Багданаўкі
Сэрцы любячых татаў і матуль б’юцца ва ўнісон са сваімі крывінкамі. Знаёмячыся з мнагадзетнымі бацькамі, пераконваешся ў гэтым зноў і зноў. Позіркі дарослых поўняцца радасцю і пяшчотай, бо ўсё навокал азорана ўсмешкамі іх любімых сыночкаў і дачушак. З такімі адчуваннямі ідуць па жыццёвай дарозе Таццяна і Іван ЯРМОЛЬЧЫКІ з Багданаўкі. Ім было наканавана лёсам прысвяціць сябе выхаванню цудоўных дзяўчынак. Пяць прыгажунь падрастаюць у хаце, дорачы блізкім прыемныя клопаты і бязмежнае шчасце. Яны ўдзячны Богу за цудоўны падарунак лёсу, для іх важна, каб дзеці былі здаровымі і выхаванымі.
Старэйшая Ганна закончыла 7 класаў мясцовай школы. Выдатніца, пераможца раённай алімпіяды па беларускай мове. Яшчэ яна добра малюе, імкнецца спазнаваць усё новае. Бярэ прыклад з сястрычкі на два гады маладзейшая Яна. Таксама ўдзельнічала ў прадметным спаборніцтве па рускай мове, прайшла яго з добрым вынікам. Займаецца спортам, вядзе актыўны лад жыцця.
Аліна перайшла ў трэці клас. З цікавасцю асвойвае ўсе прадметы. Многае ведае з праграм старэйшых класаў, бо падчас падрыхтоўкі хатніх заданняў заўсёды пераймае штосьці ад сястрычак. Яны ж ахвотна тлумачаць ёй, калі нешта не зразумее. Алесі споўнілася 5 год, яна наведвае дзіцячы сад, ёй падабаецца бавіць час са сваімі равеснікамі. Вельмі клапатлівая і адказная, любіць маленькіх дзетак і выконвае догляд не горш за вопытных выхавальнікаў. А практыкавацца ёсць на кім – два гады таму ў сям’і паявілася Алёнка.
– Гэта наша агульная пацеха, любімае захапленне для старэйшых, – усміхаецца матуля. – Бывае, дзяўчынкі ў чаргу выстройваюцца, каму гуляць з малышкай. Вядома, ёй дастаецца ад сястрычак усё цікавае і смачнае. Увогуле, прынцып, што неабходна дзяліцца, у сям’і падтрымліваецца, вельмі важна, каб дзеці не мелі эгаіс-тычных схільнасцей. Не возьмуць рэч, адкладзеную для некага, бо ведаюць, што гэтым учынкам можна па-крыўдзіць. Малодшыя любяць гуляць “у школу”. Загадзя размеркаваны ролі: хто – настаўнікі і хто – вучні. Такія заняткі захопліваюць, усе з нецярпеннем чакаюць новых “урокаў”.
Выхаваўчым момантам Ярмольчыкі надаюць важнае значэнне. Галоўнае – ахутаць малышоў увагай, не пакідаць сам-насам з праблемамі. Вядома, для дарослых яны могуць падацца зусім нязначнымі, але ва ўяўленні таго, хто толькі пазнае сусвет, усё бачыцца іначай, сур’ёзней. Бацькі самі выраслі ў акружэнні братоў і сясцёр, памятаюць, што хвалявала ў юным узросце. Яны лічаць, што важна размаўляць з малодшымі па-сяброўску, на зразумелай ім мове. Тады ў адносінах з’явяцца давер і ўзаемапавага.
Аб тым, як стваралася іх сям’я, у сэрцах захоўваюцца цёплыя ўстаміны:
– Мы з мужам – суседзі, бацькоўскія сядзібы размешчаны праз некалькі хат, – расказвае жанчына. – Розніца ва ўзросце – 5 год. Ён вярнуўся з ваеннай службы, а я школьніца. Спачатку адносіны былі сяброўскія. Пасля сталі сумаваць, калі не бачыліся. Урэшце зразумелі, што разам будзе лепш і ў 2009-ым згулялі вяселле.
Таццяна Уладзіміраўна закончыла школу з добрымі ацэнкамі, але працягваць навучанне далей не атрымалася. Толькі шкадавання няма, жанчына лічыць, што займаецца самай важнай справай – выхоўвае дзяцей. Для малышоў яна – псіхолаг, дарадчык, старэйшы таварыш. Да выхаду ў дэкрэтныя водпускі працавала ў дзіцячым садзе, закончыла курсы прадаўцоў.
Іван Уладзіміравіч – ляснік на Піншчыне. Багданаўка мяжуе з суседнім раёнам, таму аддаленасць невялікая. Навакольныя лясы прадвызначылі занятак сям’і ў летні перыяд. Як толькі паспяваюць чарніцы, Ярмольчыкаў цяжка застаць дома. Адначасова гэта фі-зічная загартоўка, добры дадатак да агульнага бюджэту і смачныя дэсерты з карыснымі ягадамі, якія любяць гатаваць разам.
Гаспадар захоплены ўтрыманнем птушкі. Аб тым, што ў Ярмольчыкаў на падворку жывуць паўліны, ведае ўся Багданаўка. Многія падыходзяць палюбавацца рэдкай для нашага рэгіёна прыгажосцю. А яшчэ ёсць шмат іншых курачак і качак рэдкіх парод. Трымаюць тут і звычайную жыўнасць, саджаюць вялікі агарод. Аблегчвае клопаты трактар. Але без ручной працы не абысціся, таму дружную дзявочую каманду можна часта ўбачыць на градках.
На пытанне, хто галоўны ў сям’і, гаспадыня адказвае:
– Тата. Ён жа адзіны мужчына ў нас.
– І мама! – далучаюцца да гутаркі дзіцячыя галасы. – Вы ж разам усё вырашаеце.
Як кажуць, без каментарыяў, ад уважлівасці малых нічога не схаваеш. Самастойнае жыццё Ярмольчыкі пачыналі ў невя-лікай хаце. Калі ў ёй стала цесна, мнагадзетным бацькам дапамагла дзяржава. За льготныя сродкі пабудавалі прасторны дом, і цяпер месца хапае ўсім. Пакоі аздоблены па-рознаму, у залежнасці ад густаў тых, каму належаць. Але аднолькава светла ва ўсіх памяшканнях. Таму што яны азораны добрай усмешкай мамы і набылі ўтульнасць, дзякуючы старанным клопатам таты. А дзяўчынкі дадаюць у агульную атмасферу іскаркі весялосці і непасрэднасці. Іх звонкі смех з’яўляецца дакладным сведчаннем таго, што тут жыве дружная і любячая сям’я.
Марыя ЯРАХОВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram