Спецназ: камандзір аддзялення Уладзіслаў Цяльпук з Лунінца
Новости районаОбществоМолодежьПрисяга

Спецназ: камандзір аддзялення Уладзіслаў Цяльпук з Лунінца

Сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл на працягу свайго існавання заўсёды былі ахутаны арэолам рамантыкі. Каб праходзіць тэрміновую ваенную службу ў падраздзяленнях ССА, мала проста валодаць жаданнем. Вайсковец павінен быць фізічна здаровым, мець развіты далягляд, адрознівацца псіхалагічнай устойлівасцю, неардынарнымі разумовымі здольнасцямі. Сярод ваеннаслужачых хапае людзей, з якіх варта браць прыклад, – мужных, адказных і справядлівых. Адзін з іх – малодшы сяржант Уладзіслаў ЦЯЛЬПУК з Лунінца, камандзір аддзялення ў вайсковай часці, размешчанай у Мар’інай Горцы.

– Армія, як і спорт, вучыць дысцыпліне, дасягненню пастаўленых мэт, – расказвае Уладзіслаў. – Пасля школы стаў навучэнцам цяперашняга аграрнага каледжа. Атрымаў некалькі рабочых спецыяльнасцей – муляра, тынкоўшчыка, маляра. У якасці маладога спецыяліста прыступіў да работы ў будаўнічым трэсце №1 у Мінску, а неўзабаве на руках была павестка.

Сёння вайсковец – удзельнік вучэнняў, палявых выхадаў, спартыўных і культурных мерапрыемстваў, камандзіровак. За сваю актыўнасць у розных сферах наш зямляк знаходзіцца на добрым рахунку ў кіраўніц-тва. Зразумела, што па першым часе было нялёгка ўжыцца ў новы рэжым дня, прывыкаць да няпростых клопатаў. Але, як і таварышы, Уладзіслаў хутка ўвайшоў у рытм армейскіх будняў.

Спецназ – гэта, перш за ўсё, сіла духу, поўная самааддача і самаахвярная вернасць Беларусі.

– Безумоўна, стаў больш упэўненым у сабе, ды і адказней адношуся да многіх рэчаў, – пераконвае малодшы сяржант. – Лічу, што кожны мужчына абавязаны служыць у арміі. Яна загартоўвае характар, тут набываеш самастойнасць, дысцыплінаванасць. Важную ролю іграе фізічная падрыхтоўка.

Уладзіслаў прызнаўся, што ў яго памяці назаўсёды застануцца такія хвалюючыя падзеі, як прыняцце ваеннай прысягі, пасвячэнне ў разведчыкі. А яшчэ ён ніколі не забудзе свой першы скачок з парашутам. Да таго ж, вайсковец адразу зразумеў, што існуе нябачнае “спецназаўскае братэрства”: усе імкнуцца дапамагаць адзін аднаму, не патрабуючы нічога ўзамен. З цеплынёй адгукаецца і пра камандзіраў – людзей, якія заўсёды падкажуць, як дзейнічаць у сітуацыях, не дзелячы іх на службовыя ці асабістыя.

Добра падрыхтаванаму, адказнаму вайсковаму спецыялісту засталося менш за 2 месяцы да звальнення ў запас. Пасля службы ў юнака шмат планаў, якія ён вельмі хоча ажыццявіць. Упэўнены, што ў яго ўсё атрымаецца!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ. Фота Аляксандра КОЎКІ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть