Сустрэча з маладымі спецыялістамі ў «Вулькаўскім світанку» Лунінецкага раёна
Сустрэчу кіраўніцтва з маладымі работнікамі правялі ў ААТ “Вулькаўскі світанак”. Мерапрыемства прымеркавалі да Дня народнага адзінства. Галоўны спецыяліст прадпрыемства Галіна Соц растлумачыла:
– Працуючы ў адной сельскагаспадарчай арганізацыі людзі могуць рэдка бачыцца, бо прафесіі і спецыфіка дзейнасці тут даволі розныя. Адны раніцай едуць у поле, другія спяшаюцца на ферму, трэція – у майстэрні. І вытворчыя ўчасткі размешчаны ў некалькіх населеных пунктах, на значнай адлегласці. Таму вырашылі арганізаваць сустрэчу ў кафэ, якое належыць гаспадарцы, каб юнакі і дзяўчаты змаглі пабыць разам і лепш пазнаёміцца, знайсці агульныя інтарэсы.
Запрашэнні атрымалі ўсе 46 работнікаў узростам да 31 года. І хаця прыйшло крыху менш, але вечар атрымаўся цікавым і карысным. Спачатку прысутных вітаў дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Соц:
– За вамі замацаваны вытворчыя задачы, ад выканання якіх залежыць агульны стан спраў арганізацыі. У сваю чаргу мы імкнемся стварыць аптымальныя ўмовы для работы і адпачынку. Пры неабходнасці забяспечваем жыллём, арганізаваны падвоз да ўчасткаў, адчынена кафэ, дзе можна правесці вольны час.
Кіраўнік заклікаў гасцей да дыялогу. Былі абмеркаваны многія пытанні, якія цікавяць моладзь. Асноўныя з іх – заробкі, дадатковыя нагрузкі, аздараўленне і турызм, удзел у мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Уладзімір Іванавіч растлумачыў, што памер заработнай платы напрамую залежыць ад стараннасці і ініцыятыўнасці работнікаў. “Як папрацуем – тое і маем” – канстатаваў ён.
Сёлета ў калектыў прыйшлі новыя людзі. Сярод іх – 3 ветэрынарныя ўрачы, 2 – інжынеры, 3 – трактарысты, вадзіцель, будаўнік, повар… 11 чалавек прыбылі па размеркаванні пасля заканчэння вучобы, іншыя ўжо былі працаўладкаваны ў другіх арганізацыях. Нехта прыехаў здалёк, частка – мясцовыя.
Юнакі і дзяўчаты спачатку паводзілі сябе стрымана і адасоблена. Але пабыўшы разам, яны неўзабаве знайшлі сяброў па інтарэсах, і пад канец вечара атмасфера стала па-дамашняму ўтульнай.
– Нам належыць працаваць на агульны вынік, прыходзіць на выручку калегам, быць адной дружнай камандай! – лічаць у “Вулькаўскім світанку”:
Уражанні ад сустрэчы ў моладзі засталіся станоўчыя, яны актыўна дзяліліся пачутым і ўбачаным на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Для кіраўніцтва гаспадаркі важна, каб кожны работнік быў задаволены сваёй прафесіяй і шчаслівы ў асабістым жыцці. Бо толькі са спакойным сэрцам, без трывог і хваляванняў за сябе і блізкіх, у чалавека атрымаецца якасна выканаць шэраг пастаўленых задач.
Марыя ЯРАХОВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram