Сям’я Вячорка: стагоддзе ў першай школе Лунінца
Мікалай Іванавіч Вячорка – настаўнік музыкі, а цяпер і адказвае ў СШ №1 райцэнтра за ваенна-патрыятычнае выхаванне. А яшчэ ён – акампаніятар у народным хоры ветэранаў вайны і працы Лунінецкага ГДК.
– У настаўнікі трапіў выпадкова. Тагачасны начальнік ад-дзела культуры Галіна Барысаўна Мар’іна парэкамендавала маю кандыдатуру сваёй суседцы Валянціне Міхайлаўне Ярмушэвіч, якая на той час была дырэктарам школы. Думаў, надоўга не затрымаюся, а ўжо больш за 40 год стажу на адным месцы, – жартуе настаўнік.
Яго жонка Антаніна Уладзіміраўна – ужо на пенсіі. У свой час таксама працавала ў СШ №1 г. Лунінца, закладвала веды вучням пачатковых класаў, прывівала любоў да мовы і літаратуры, вучыла прыгожа пісаць і з лёгкасцю рашаць матэматычныя задачкі. Яе прыход у педагагічную прафесію свядомы – па прыкладу мамы Валянціны Іванаўны Смірновай, якая таксама больш за 40 год працавала настаўнікам хіміка-біялагічнага профілю ў Вульцы 1, намеснікам дырэктара школы, інспектарам гарадскога аддзела адукацыі, завучам вучэбна-вытворчага камбіната.
Выбар на карысць настаўніцтва зрабіў і сын Вячоркаў – Генадзь. Праўда, лёс звязаў яго з іншымі навучальнымі ўстановамі раёна. Цяпер працуе дырэктарам у Бастынскай школе. Права выкладання інфарматыкі мае і дачка Ганна, цяпер яна Лысенка. Разам з мужам Барысам жывуць у Брэсце.
Дапаўняе педагагічную дынастыю і нявестка Людміла Мікалаеўна Вячорка. Яна працуе настаўнікам пачатковых класаў у СШ №1 райцэнтра.
– У прафесію прыйшла не выпадкова. У свой час гэта была адна з найбольш прэстыжных, – гаворыць жанчына. – Нароўні з медыкамі. Дарэчы, мая сястра звязала лёс са сферай аховы здароўя.
Агульны педагагічны стаж Вячоркаў значна перабольшвае 100 год. Амаль стагоддзе прадстаўнікі гэтай сям’і працуюць у старэйшай школе Лунінца. Тут, дарэчы, цяпер атрымліваюць веды і самыя малодшыя Вячоркі – Алеся і Глеб. Пакуль яны не задумваюцца аб сваіх будучых прафесіях, але хто ведае, магчыма, у кімсьці з іх – працяг гэтай педагагічнай дынастыі.
Аляксандр Коўка
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram