“Ці ж такое забудзеш?” Уладзімір Ванюк аб Афганскай вайне (Лунінецкі раён)
Новости районаОбщество

“Ці ж такое забудзеш?” Уладзімір Ванюк аб Афганскай вайне (Лунінецкі раён)

Сёлета лунінчанін Уладзімір ВАНЮК адзначыць 60-гадовы юбілей з даты нараджэння. І сам будучы юбіляр, і блізкія ўпэўнены, што дзве трэці гэтага шляху ён жыве, дзякуючы пранікнёным матуліным малітвам і дрэннай трапнасці баявых снарадаў, якімі была густа ўсеяна гарачая афганская зямля. Увесь перыяд яго тэрміновай службы праходзіў на тэрыторыі дзяржавы, назву якой у Савецкім Саюзе ў 1980-ых кожны вымаўляў з болем і страхам…

Памяць воіна-інтэрнацыяналіста дагэтуль захоўвае ўсе назвы месцаў былой дыслакацыі, нумар палявой пошты і шмат іншых дакладных звестак. На здзіўленне, што нічога не выветрылася за чатыры прайшоўшыя дзесяцігоддзі, ён паціскае плячамі і ціха прамаўляе: “Ці ж такое забудзеш?”.

Уладзімір вырас у Бродніцы, пасля школы атрымаў пасведчанні вадзіцеля і токара. Гэта і прадвызначыла далейшыя падзеі – у Афганістане яго накіравалі ў рамонтны батальён. На аўтамабілі, абсталяваным зварачным і такарным абсталяваннем, ён суправаджаў калоны, якія рухаліся ад савецкай мяжы ўглыб ваюючай краіны. Адлегласць складала больш паўтысячы кіламетраў у адзін бок, дасягнуўшы пункта прызначэння, фарміравалася група ў зваротны шлях.

Часам падарожжа зацягвалася на некалькі тыдняў. Салдаты прызвычаіліся да жыцця “на калёсах”. Харчаваліся сухпайкамі, зрэдку ім падвозілі гарачыя абеды з іншых вайсковых часцей, размешчаных непадалёк. Але на бытавую неўладкаванасць увагі не звярталі. Хвалявала іншае. На працягу ўсяго маршрута за кожным узгоркам і нізінай таілася смяротная небяспека, адкрытая прастора з’яўлялася выдатнай мішэнню для праціўніка ў правядзенні баявых дзеянняў.

Абстрэлы здараліся часта, іншы раз тэхніка выходзіла са строю. У палявых умовах Уладзімір перакваліфікоўваўся ў токара і зваршчыка, праводзіў тэрміновы рамонт. Аднойчы трапная куля прыйшлася і на яго машыну. На шчасце, людзей не зачапіла, а транспартны сродак заняўся полымем…

Далейшую службу праходзіў у батальёне забеспячэння на аўтамабілі “ЗІЛ”. Тады выпадкова сустрэў Васіля Грабовіча з Язвінак. Было крыўдна, што з земляком цэлы год былі побач і не ведалі аб гэтым. Узрадаваліся той падзеі неверагодна, быццам на імгненне вярнуліся ў мінулае, у мірнае жыццё. Наперадзе чакала шмат выпрабаванняў, але разам яны здаваліся лягчэйшымі, пераадольнымі. 

– Пра той перыяд усё не раскажаш, – уздыхае Уладзімір Рыгоравіч. – Ды і людзі, якія, на шчасце, не бачылі ваеннае пекла, з такой гутаркі зразумеюць ня-шмат. На кінаэкране падзеі выглядаюць іначай. Нам было па 18 год. Узнёслыя, наіўныя, упэўненыя ў шчаслівай будучыні. Тут – мір, спакой, найбольшыя з праблем – пасварыўся з дзяўчынай ці зламаўся матацыкл. А там – зброя, пах пораху, кроў і страх. Іншая культура, незнаёмая мова, нязвыклая тэмпература паветра. І зусім незваротнае – смерць равеснікаў. Сталелі не па днях, па хвілінах…

Вярнуўшыся дадому, Уладзімір імкнуўся не ўспамінаць Афганістан. Прагнаць сумныя думкі дапамагалі родныя – маці, бацька, 4 браты, 3 сястры і пляменнікі. Ахутаны спакоем і ўвагай, ён будаваў планы на мірную будучыню. Неўзабаве сустрэў спадарожніцу жыцця, стварылі сям’ю, нара-дзіліся дзеці.

Жыць асталяваліся ў райцэнтры. У паўсядзённых клопатах імкліва праносіўся час, аддаляючы маладосць і дадаючы ўсё больш пабялелых валасоў на скронях.

Сын застаўся на Лунінеччыне, вадзіцель. Дачка жыве ў Віцебску, мадэльер. Жонка Валянціна Мікалаеўна – апаратчык тэрмаапрацоўкі НВК “Палессе”.

Уладзімір Рыгоравіч працаваў у “Сельгастэхніцы”, потым у перасовачна-механізаванай калоне №11 г. Пінска. Некалькі год таму ўладкаваўся на Лу-нінецкі ўчастак НГЧ-2 мантажнікам-сантэхнікам сістэм і абсталявання. У чыгуначнай арганізацыі раз’язны характар работы, сёння знаходзіцца ў адным населеным пункце, заўтра можа аказацца на значнай адлегласці ад яго. Але такі распарадак не стамляе, пройдзенае ў юнацтве пакінула яркі адбітак на ўсё жыццё, існуе цвёрдае перакананне, што мірная праца не можа быць цяжкай.

Сёння Уладзімір Рыгоравіч мае цвёрдую жыццёвую пазіцыю, упэўнены ў тым, што Беларусь ідзе правільным шляхам развіцця:

– Трэба ўсімі сіламі берагчы тое, што маем – чыстае неба, спакой, сацыяльную абароненасць. Нельга верыць таму, што пішуць у інтэрнэце аб раскошы і бесклапотнасці, якая чакае недзе за мяжой. Усюды трэба працаваць, дарэмным бывае толькі сыр у пастцы. Галоўныя каштоўнасці – зямля, прыродныя багацці, карысныя выкапні. У згуртаванасці наш народ здольны прымнажаць мірныя дасягненні і пры неабходнасці зможа абараніць родныя рубяжы ад чужынцаў.

Слова “мір” з вуснаў чалавека, які быў на вайне, вымаўляецца з іншай інтанацыяй. Ён лепш за нас, бачыўшых узброеныя канфлікты толькі ў кінафільмах, ведае яго сапраўдны сэнс. І верыць, што дзецям і ўнукам не давя-дзецца адчуць падобнае таму, праз што давялося прайсці ў Афганістане.

Марыя ЯРАХОВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть