У фокусе ўвагі – стратэгічны аб’ект
На жаль, па-ранейшаму маюць месца няшчасныя выпадкі на вытворчасці і працоўных месцах. Прычына – ігнараванне элементарных патрабаванняў аховы працы, якія кожны ( як наймальнік, так і працаўнік) павінен ведаць і бездакорна выконваць. Каб мінімізаваць форс-мажорныя сітуацыі, прадпрыемствы і арганізацыі раёна рэгулярна наведвае мабільная група райвыканкама, якая аказвае кансультатыўна-метадычную дапамогу пры выкананні заканадаўства па ахове працы, пажарнай і электрабяспекі, санітарнай гігіены. Чарговы рэйд адбыўся з выездам, можна сказаць, на стратэгічны аб’ект – будучае інфекцыйнае аддзяленне ЦРБ.
У свой час было вырашана рэканструяваць пад яе двухпавярховы корпус на тэрыторыі старой бальніцы, дзе раней знаходзіліся тэрапеўтычнае і дзіцячае аддзяленні. Падчас пандэміі асабліва выявілася неадпаведнасць існуючай “інфекцыёнкі” сучасным патрабаванням, што паскорыла працэс мадэрнізацыі. У маі пачаліся будаўніча-мантажныя работы. У двухпавярховым будынку плануецца размясціць 25 ложка-месцаў. Для пацыентаў будуць абсталяваны боксы і паўбоксы. У першапачатковы праект у сувязі з каронавірусам унеслі змяненні. Раней у аддзяленні большасць пацыентаў былі з кішэчнымі інфекцыямі. З захворваннямі лёгкіх практычна не было. Зараз да кожнай палаты плануецца падвесці кіслародныя кропкі.
Генпадрадчык – Лунінецкая ПМК-19. Як паведаміў яе начальнік Фёдар Бірыла, праект распрацаваны з улікам новых патрабаванняў і прайшоў экспертызу. Фінансуецца за кошт субвенцый, што выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
– Зараз на аб’екце, акрамя нас, задзейнічаны работнікі ПМК-5 і СПМК-11 з Пінска, СПМК-14 з Брэста, лунінецкіх СПМК-17 і ДРБУ-101, – расказвае Фёдар Мікалаевіч. – Усяго 75 чалавек. Асноўныя знешнія дэмантажныя работы выканалі, зараз працягваюцца ўнутраныя. Адначасова працуюць тынкоўшчыкі, мантажнікі, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Да канца месяца правядзем уцяпленне і зманціруем дах. Улічваючы, што за кароткі час – да 2 верасня – павінны здаць аб’ект, працуем актыўна.
Аб тым, як вядуцца работы назіралі падчас рэйда галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Кіндрук, начальнік раёнай энергагазінспекцыі Адам Пятніца і памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ Тамара Гушча.
– Улічваючы, што сёлета на аб’ектах у Іванава і Ганцавічах, на якіх былі задзейнічаны нашы работнікі, зафіксаваны 2 няшчасныя выпадкі, пытанням аховы працы надаем важнае значэнне, – акцэнтуе ўвагу Фёдар Бірыла.
Старшы майстар Максім Цяльпук пільна сочыць за тым, каб дакументацыя была ў парадку, работнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, праводзіць інструктажы, адказвае за стварэнне належных санітарна-бытовых умоў.
Абыходзячы разам са спецыялістамі аб’ект, міжволі задавалася пытаннем: ці можна прасачыць за кожнай дробяззю, каб цалкам выключыць усё, што небяспечна з пункту гледжання аховы працы? Тут не заўважылі шчылін пад нагамі, неабгароджаных перападаў вышынь, хісткіх лесвіц, збітых на хуткую руку…
У Адама Пятніцы ўзніклі пытанні па зазямленні тынковачнай станцыі, эксплуатацыю якой ажыццяўляюць будаўнікі СПМК-17. Тамара Гушча звярнула ўвагу на тое, што на тэрыторыі адстнічаюць сметніцы, туалет, не вызначана месца для курэння. Да таго ж, неабходна навесці парадак, наладзіць штучнае асвятленне, адрамантаваць падлогу ў будаўнічых вагончыках, арганізаваць вываз смецця…
– Візіт мабільнай групы па ахове працы – гэта не праверка, пасля якой ідуць штрафныя санкцыі, – кажа Васіль Кіндрук. – Мэта – аказаць практычную і метадычную дапамогу. Працоўная і вытворчая дысцыпліна на будаўнічых пляцоўках па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі. Тут не павінна быць месца легкадумнасці, бестурботнасці і халатнасці. Пра гэта работнікам трэба нагадваць.
Рэйд закончыўся, але расслабляцца спецыялістам, адказным за бяспеку на вытворчасці, няварта. Выезды мабільных груп будуць мець месца да таго часу, пакуль няўхільнае выкананне заканадаўства па ахове працы не стане паўсюднай нормай.