У Лунінцы мужчына асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за абразу Прэзідэнта
У крымінальнай справе аб публічнай абразе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пастаўлена кропка.
– 33-гадовага мужчыну, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэнне, – расказаў пракурор Юрый Пракапчук. – На аўтамабілі РАУС яго даставілі ў прыёмнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Як на шляху следавання ва ўстанову аховы здароўя, так і непасрэдна на месцы малады чалавек публічна абражваў кіраўніка краіны ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў.
Адкрытае выязное пасяджэнне суда адбылося пад старшынствам Святланы Братанавай у будынку РАУС. Матэрыялы справы сведчылі аб абгрунтаванасці абвінавачвання і аб’ектыўным даследаванні абставін злачынства, кваліфікаванага па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З улікам прадастаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў грамадзяніна прызналі вінаватым і прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады, якія асуджаны правядзе ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку.