ЗАЛАТАЯ МОЛАДЗЬ МАЛОЧНАГА ЗАВОДА
Новости районаМолодежь

ЗАЛАТАЯ МОЛАДЗЬ МАЛОЧНАГА ЗАВОДА

Іх – 42. Менавіта столькі работнікаў ва ўзросце да 31 года працуе на ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Усе яны – прадстаўнікі пярвічных арганізацый грамадскіх  аб’яднанняў “Беларускі саюз моладзі”, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа”, савета моладзі прадпрыемства.

Намеснік дырэктара завода па ідэалагічнай рабоце і кадрах Ларыса Карпец з гонарам гаворыць пра кожнага з юнакоў і дзяўчат. Члены пярвічак прымаюць актыўны ўдзел у жыцці прадпрыемства, падчас святаў – Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, Дня моладзі і іншых, у спартыўных мерапрыемствах, што праводзяцца на заводзе, у горадзе, раёне, вобласці і рэспубліцы – санітарныя дружыны, галіновая спартакіяда “Дзень здароўя” і многія іншыя. Два дэлегаты ад прадпрыемства: спецыяліст па ідэалогіі і кадрах Антон Палтавец і аператар ЭВМ Аляксей Сучко разам з першым сакратаром райкама БРСМ Ігарам Гаргуном нядаўна ўдзельнічалі ў рэспубліканскім семінары ў Гомелі па арганізацыі валанцёр-скага руху “Добрае сэрца”, які прайшоў у фармаце міжнароднага форуму валанцёраў. Пасля зрабілі прэзентацыю на заводзе, чым зацікавілі яшчэ больш маладых людзей. Эканаміст Вольга Кіслюк і Антон Палтавец прадстаўлялі завод на раённай канферэнцыі БРСМ і едуць на абласную. А яшчэ Вользе да-дзена права голасу ад прадпрыемства на абласной канферэнцыі “Белай Русі”. Напярэдадні свята арганізавалі спаборніцтвы сярод моладзі па дартсу на прызы прафсаюза і адміністрацыі, усім членам БРСМ аформілі падпіску на газету “Знамя юности”, а інжынер-хімік Наталля Парывай атрымае ўзнагароду раённага ўзроўню. Стаўка на заводзе робіцца на моладзь. Асноўныя перавагі прапісаны ў кадравай палітыцы і калектыўным дагаворы – матэрыяльная дапамога пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзяцей, да юбі-лейных дат, прафесійных свят, іншыя варыянты падтрымкі. На днях на агульным сходзе калектыву вызначылі, што пры двух і большай колькасці кроваздач у год, кожны работнік мае права на дадатковы дзень водпуску. З 2009-га пярвічку БРСМ на заводзе ўзначальваў Аляксандр Рэбкавец. Цяпер яму больш за 31 год, таму перадаў пасаду Антону Палтаўцу. А калектыў заўважыў лідарскія якасці Аляксандра, выбраўшы яго старшынёй прафсаюзнага камітэта. Дзякуючы энту-зіязму спецыяліста, адказнаму стаўленню да работы і ініцыятыўнасці па выніках мінулага года завод заняў трэцяе месца ў рэспубліцы па арганізацыі работы ў ахове працы і першае – у раённым аглядзе-конкурсе сярод арганізацый вытворчай сферы. Наперадзе – шмат задумак, якія маладыя людзі абавязкова ўвасобяць у жыццё. І сумнявацца ў гэтым няма прычын. Залатая моладзь малочнага завода пацвярджае высокае званне сваімі добрымі справамі!

 

Сумяшчае СПОРТ  і СПЕВЫ

аператар ЭВМ Аляксей Сучко. Хаця і працуе  на заводзе зусім нядаўна – з лютага, паспеў стаць сваім.

Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце праходзіў практыку на малочным заводзе. Аднак пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў у іншых арганізацыях. Ды лёс з часам вярнуў на завод. А тут вельмі рады супрацоўнікам з крэатыўным мысленнем, бо менавіта за такой моладзю будучыня.

– Дзякуючы кіраўніцтву завода ў нас ёсць магчымасць развівацца і рабіць карыснае. І гэта дарагога варта! А колькі розных мерапрыемстваў праходзіць! Узяць, напрыклад, Дзень адмовы ад курэння. Вынік бачны: нехта не ўзяў некалькі цыгарэт, а ёсць і такія, хто адмовіўся наогул. Пасля праведзенага Дня донара я таксама вырашыў далучыцца да карыснага руху.

Пасля работы Аляксей спяшаецца дадому, дзе яго чакаюць жонка Іна і сын Міхаіл. Калі выдаецца вольны час стараюцца сумесна гуляць, выязджаць на адпачынак, хадзіць у паходы. А яшчэ малады мужчына займаецца спортам сабе ў задавальненне і… спявае.

 

СЛОВЫ падмацоўваюцца СПРАВАЙ

у начальніка ўчастка асноўнай вытворчасці Івана Зосіча.

Падчас вучобы ў Пінскім дзяржаўным каледжы мясной і малочнай прамысловасці праходзіў на Лунінецкім заводзе практыку. А пасля атрымання дыплома ўладкаваўся сюды на пастаянную работу. Завочна закончыў вучобу ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце прыкладных біятэхналогій па спецыяльнасці “інжынер харчовай прамысловасці”, адслужыў у арміі. Даволі хутка змяняліся прыступкі ў кар’ернай лесвіцы, а ў кастрычніку мінулага года ўзначаліў жаночы калектыў, які адказвае за выпуск смачнай і любімай многімі прадукцыі. Пастаянна ў курсе ўсіх спраў, яго тэлефон “чырванее” ад колькасці уваходзячых і зыходзячых званкоў… Нават нягледзячы на гэта, Іван паспявае знаходзіць час, каб дапамагчы бацькам па гаспадарцы, а часам і пабегаць у футбол з сябрамі, пагуляць у настольны тэніс. З’яўляючыся членам БРСМ і “Белай Русі”, актыўна ўдзельнічае ў праводзімых мерапрыемствах, імкнецца да новых ведаў і праяўляе ініцыятыву.

Прыроджаная ПРАЦАВІТАСЦЬ

Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўладкавалася на завод інжынерам-хімікам Наталля Парывай.

Паколькі тут праходзіла практыку падчас вучобы, то да работы была гатова, ведала тонкасці і нюансы вытворчасці. Магчыма, – гэта, а магчыма, яе актыўнасць і ўменне своечасова прыйсці на дапамогу, дазволілі вельмі хутка стаць сваёй у калектыве. Шмат населеных пунктаў занатаваны ў біяграфіі дзяўчыны – недзе былі з татам падчас яго службы ў арміі, у іншых жывуць шматлікія родныя і сябры. Не дзіва, што Наталля любіць падарожнічаць – гэта ж новыя веды і адкрыцці. Марыць наведаць Кітай ці Японію, прыцягвае дзяўчыну культура Усходу. Актыўнасцю адрозніваецца і на заводзе – камандзір звяна ў санітарнай дружыне, пастаянная ўдзельніца “Дзён здароўя”. А яшчэ – майстрыха. Маючы тонкі густ, разам з іншымі работнікамі ўпрыгожвае калоны завода на дэманстрацыі і залу прадпрыемства  на святочныя мерапрыемствы.

У дзень нашай сустрэчы дзяўчына адзначыла чарговы дзень нараджэння, прымала віншаванні, кветкі і падарункі ад калег.

 

СЫН прадпрыемства

Інжынер па транспарце Віктар Кіндрук працягвае сямейную дынастыю, якую заклалі на заводзе мама Ева Мікалаеўна і тата Васіль Канстанцінавіч.

Актыўна ўдзельнічае  ў “Днях здароўя”, турзлётах, спаборніцтвах санітарных дружын. На гэта натхняюць адміністрацыя, прафкам і кіраўнікі пярвічак грамадскіх арганізацый. А дома чакаюць і падтрымліваюць жонка Анжэла і дачка Даша. У вольны час, што застаецца пасля работы і рамонту кватэры, любіць пасядзець на беразе вадаёма з вудай.

ДАПАМАГЛІ «Лунінецкія навіны»

Закончыўшы каледж  электратэхнікі ў Гомелі, Міхаіл Яраховіч адправіўся за “лёгкім рублём” на заробкі. Вярнуўшыся, восенню 2009 года ў раёнцы прачытаў аб’яву аб тым, што на малочны завод патрабуюцца спецыялісты. Пачаў працаваць. Спачатку на пасадзе слесара, цяпер – электрыка.

Па-ранейшаму працягвае прафесійна займацца спортам. Колькасць атрыманых узнагарод – не пералічыць. Найбольш цэніць два медалі па паўэрліфцінгу. Цяпер рыхтуецца да кубка Беларусі па фітнесу. Акрамя таго захапляецца маляваннем. У планах – аказваць дапамогу з рамонтам камп’ютарнай тэхнікі і электрыкай, а яшчэ – ажаніцца ў 30 год. Упэўнены, усе мэты і задумкі абавязкова будуць дасягнуты.

Па жыцці З ГУМАРАМ

крочыць слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі  Юрый Савіна.

З заводам яго звязаў “Хаўер”.  У дзень моцнай снежнай завеі юнак прывёз дакументы на працаўладкаванне. Як жартуе, добра, што паспеў з’ездзіць сюды да абеда, а то б застаўся адразу. З наступнага дня і дагэтуль ніколькі не пашкадаваў. Стараннай працай даказвае гэта, а яшчэ актыўна ўдзельнічае ў самых разнастайных мерапрыемствах.

А ў вольны час дома “круціць дэталькі”, паколькі падабаецца тэхніка, ездзіць на рыбалку, адпачывае з жонкай Марыяй.

УСЮДЫ І ЗАЎЖДЫ

Гэта адназначна пра эканаміста Вольгу Кіслюк. І быццам пра яе казаў артыст у вядомай кінакамедыі – “спартсменка, актывістка, камсамолка і проста прыгажуня”.

Можа гэта крыху дзіўна, але выпускні-ца Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца спортарганізатарам на заво-дзе. Аднак, усё заканамерна. Вольга – актыўная ўдзельніца разнастайных мера-прыемстваў па здароваму ладу жыцця, валейбольных баталій рознага ўзроўню, спаборніцтваў санітарных дружын і “Дзён здароўя”. З задавальненнем разам з іншымі завадчанамі ўдзельнічала ў першым турзлёце на байдарках на рацэ Шчара, які арганізоўваў Канцэрн. Летась прадстаўляла Лунінеччыну ў міжнародным маладзёжным лагеры “Бе-Ла-Русь” і заняла там трэцяе месца па армрэстлінгу сярод жанчын. А яшчэ каля пяці год дзяўчына вядзе гурток па шэйпінгу ў політэхнічным каледжы, перад гэтым закончыўшы навучанне ў фітнес-цэнтры Наталлі Наважылавай “Багіра”.

Без удзелу Вольгі не праходзіць ніводнае мерапрыемства, яна з’яўляецца сакратаром пярвічных арганізацый БРСМ і “Белая Русь”, старшынёй камісіі па аздараўленню і санаторна-курортным лячэнні. А яшчэ яна шмат падарожнічае. Куды завядзе лёс у наступны раз?

Новы ЛІДАР

Зусім нядаўна пярвічку БРСМ на прадпрыемстве ўзначаліў спецыяліст па ідэалогіі і кадрах Антон Палтавец.

Атрымаў паралельна дзве адукацыі ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце – эканаміста і юрыста. Папрацаваў у падатковай інспекцыі, адслужыў у арміі. Напрыканцы мінулага года ўладкаваўся на малочны завод. Цяпер працягвае сямейную дынастыю: токарам быў дзядуля Адам Макаед, аператарам ЭВМ – бабуля Ніна, на гэтай жа пасадзе працуе мама Святлана Адамаўна.

– Шкада, што раней не прыйшоў. Тут сапраўды створаны цудоўныя ўмовы для работы. Імкнуся па меры магчымасці дапамагаць ва ўсіх арганізацыйных момантах, актыўна ўдзельнічаю ў дзейнасці пярвічак БРСМ, “Белай Русі” і Чырвонага Крыжа. Стараемся задзейнічаць моладзь, падтрымліваем ініцыятывы і прапановы, якія зыходзяць ад іх. З імі ж можна хоць на край свету – такія актыўныя і дзейсныя, нягледзячы на занятасць.

Каб далучыць юнакоў і дзяўчат (ды і не толькі іх) да здаровага ладу жыцця, каля курылкі павесілі дартс, цяпер там падчас абеду нават чарга збіраецца. Гэта, як своеасаблівая трэніроўка перад спаборніцтвамі да Дня моладзі. У планах – правядзенне агульнага турзлёту на прыродзе, іншых разнастайных мерапрыемстваў.

Трэці ДЗЯСЯТАК

у пачатку тыдня «размяняў» Дзяніс Марза. У калектыве яму пажадалі здароўя і шчасця, а яшчэ – ажыццяўлення ўсіх мар.

У свой час закончыў мяса-малочны каледж у Пінску, цяпер задумваецца аб тым, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. У вольны час, а яго ў клубнічны сезон зусім мала, гуляе ў футбол, займаецца спортам. І планы ў Дзяніса самыя, што ні ёсць звычайныя – прасунуцца па кар’ернай лесвіцы, узяць у жонкі добрую дзяўчыну і выхаваць дзяцей. А ўжо з імі праехаць па свеце, пабываць у Нідэрландах і Новай Зеландыі.

 

Сяргей КАРПЕЦ, дырэктар ААТ «Лунінецкімалочны завод»:

«Самы залаты час – маладосць! Наперадзе столькі спраў, столькі вяршынь, якія так хочацца пакарыць.Шчыра віншую ўсіх вас, жадаю дабра і міру, радасці і поспеху. Будзьце заўсёды прагрэсіўнымі, не спыняйцеся на дасягнутым, ідзіце наперад, пакараючы ўсё новыя і новыя вяршыні. Любіце прыгожа, працуйце і вучыцеся на славу, будзьце гаспадарамі свайго лёсу. Жадаю моцнага здароўя, бязмежнага шчасця, чыстага сумлення. Няхай вясёлыя струны маладосці доўга звіняць у вашай душы. Ніколі не разгубіце свайго запалу, каб з вамі заставаліся вера і надзея. Дабрабыту, дастатку і сардэчнай цеплыні!»

 

Ларыса КАРПЕЦ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадрах:

Маладосць – гэта здаровы аптымізмі каханне. Гэта вера ў будучае, моц, адвага і часам бесшабашнасць! Гэта вялікі патэнцыял, які можа многае змяніць на карысць усяго грамадства.Стаўце канкрэтныя мэты і дабівайцеся іх. Няхай жыццё будзе яркім, вясёлым, поўным падзей і прыгод. Не забывайце, што з вашых лёсаў пішацца гісторыя роднага краю, і ад вас у будучым залежыць яго развіццё! Хачу пажадаць вам вялікага шчасця, моцнага і прыгожага кахання. Заўсёды нясіце радасць і пазітыў. Няхай абавязкова спраўдзяцца вашы мары, а шлях, што вы выбралі, будзе правільным. Жадаю  вам моцнага здароўя, вечнай маладосці і дабрабыту.

Будзьце заўсёды энергічнымі і ўпэўненымі ў сабе. Няхай ніколі не трывожыць горыч, а толькі поспех чакае наперадзе!

 

Аляксандр РЭБКАВЕЦ, старшыня прафкама:

Дзень моладзі – гэта выдатнае свята, што дорыць надзею на цудоўную будучыню. Бо маладосць не мае межаў, яе нельга знішчыць ці разбіць. Гэта дзень, які дорыць незабыўныя эмоцыі і добры настрой на доўгі час. Жадаю вам моцнага здароўя і шанцавання. Кахайце і будзьце каханымі, сябруйце, і няхай дружба будзе мацней за сталь, давярайце і будзьце ўпэўненымі ў сабе. Няхай анёл дабра абавязкова наведвае вас. Няхай нараджаюцца дзеці і прыносяць толькі радасць і шчасце. Ніколі не забывайце сваіх бацькоў, дарыце ім сваю любоў, павагу і бясконцую ўдзячнасць!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть