Жніво ў Лунінецкім раёне: тэмп задаюць дынастыі
Новости районаОбществоАгропром

Жніво ў Лунінецкім раёне: тэмп задаюць дынастыі

Жніво ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Лунінецкага раёна працягваецца, але на працэс уборкі негатыўным чынам уплываюць моцныя дажджы, падчас якіх даводзіцца спыняць работы ў полі, чакаць падсыхання збажыны, а з-за пераўвільготненасці глебы камбайнам увогуле вельмі складана працаваць.

Сітуацыя няпростая ва ўсіх гаспадарках Лунінеччыны. Лепш абстаяць справы на вышэйшых участках, але такія ў асноўным ужо змалочаны. Калі ніва няроўная, то даводзіцца аб’язджаць нізіны і абмалочваць толькі тыя надзелы, дзе здольна прайсці тэхніка. Тым не менш, працаўнікі ўпеўнена пераадольваюць цяжкасці. 

Паназіраць за працэсам уборкі атрымалася на палетках ААТ “Лунінскі”. Тут былі задзейнічаны 6 камбайнаў, самы навейшы з якіх атрымалі тыдзень-два таму. Побач знаходзіцца спецыяльная “хуткая дапамога” – магутны трактар, які прыходзіць на выручку, калі хто загрузне. Для гэтага механізатары падаюць спецыяльны сігнал, каб пазбегнуць прастояў і сэканоміць каштоўны час.

Варта адзначыць, што капрызы надвор’я – адзіная праблема для якаснага правядзення жніва ў гаспадарцы. Усё, што залежыць ад людзей, тут было зроблена загадзя. Тэхніка прайшла рамонты і абслугоўванне, назапашана паліва і запчастак, наладжана дастаўка гарачага харчавання, работнікі азнаёмлены з патрабаваннямі па ахове працы, а таксама з умовамі спаборніцтва.

Трыма камбайнамі тут кіруюць браты Савіловічы. Пра легендарную дынастыю механізатараў ведаюць не толькі ў калектыве, слава аб здольных вяскоўцах даўно перасягнула межы Луніна. Іх фотаздымкі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў паяўляюцца на старонках “раёнкі”, бо Іван, Міхаіл і Сяргей заўсёды працуюць плённа. Заснавальнікам пераможных вышынь сям’і з’яўляецца іх бацька Міхаіл Антонавіч. Таксама шмат зрабіў для роднай гаспадаркі старэйшы брат Віктар. На жаль, цяпер былыя трактарысты жывуць толькі ў памяці землякоў. Але пачатая імі справа працягваецца ў новых пакаленнях: у адным экіпажы з Міхаілам працуе пляменнік Аляксандр.

– На роднай зямлі жывем, для сябе і сваіх блізкіх хлеб вырошчваем і ўбіраем, – ва ўнісон тлумачаць браты-Савіловічы, адказваючы на пытанне, ці не стаміліся яны за столькі год ад цяжкай фізічнай работы. – Неабходна ўсё выконваць сумленна, гэтаму нас з маленства вучылі. Цяпер лягчэй стала. Гляньце, якія новыя і магутныя камбайны ў нас, якасна малоцяць і, дзякуй Богу, не ламаюцца.

Увогуле, усе камбайнеры “Лунінскага” заслугоўваюць слоў удзячнасці. Гэта неаднаразовыя пераможцы розных працоўных спаборніцтваў – Павел Абравец, Аляксандр Малейчык і Васіль Дударга. Дзякуючы вопыту і ўзаемадапамозе, розныя сельскагаспадарчыя задачы яны выконваюць хутка і якасна. Пастараліся і сёлета: своечасова сеялі збожжавыя, даглядалі. Ураджайнасць амаль самая высокая ў раёне.

Аляксандр Малейчык

Узнагароды ўдзельнікам жніва ўручылі лідары галіновага прафсаюза: райкама – Вольга Ермалёнак, “пярвічкі” гаспадаркі – Любоў Абравец і Марына Абравец. Цёплыя словы віншаванняў адрасаваліся і вадзіцелям, задзейнічаным на адвозцы зерня з поля да сушыльных комплексаў. На перадавых пазіцыях знаходзіцца Аляксандр Багданец, імкнуцца не адставаць ад яго калегі Мікалай Сахвон і Уладзімір Дударга.

Уладзімір Дударга

Пагутарыўшы з людзьмі, паявілася адчуванне, што атмасфера ў калектыве добразычлівая, ёсць падтрымка і разуменне. Адзінай дружнай камандай калектыў “Лунінскага” імкнецца да высокіх дасягненняў у выкананні самай пачэснай задачы – вырошчванні хлеба.

Марыя ЯРАХОВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть