Жыхара Лунінецкага раёна адправілі ў калонію за махлярства
Пракуратура Лунінецкага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе ў адносінах 21-гадовага мясцовага жыхара, які завалодаў маёмасцю шляхам падману, учыненым паўторна.
Як паведаміла «Лунінецкім навінам» старшы памочнік пракурора Лунінецкага раёна Вераніка Чарнавокая, было ўстаноўлена, што малады чалавек, 2001 года нараджэння, раней судзімы за прысваенне маёмасці і крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. У лістападзе пераканаў двух знаёмых, каб тыя аформілі на сябе крэдыты ў банках і набылі бытавую тэхніку і смартфон у растэрміноўку, а таксама заключылі крэдытны дагавор на спажывецкія патрэбы.
Вось толькі тавары гэтыя ён прадаў, частку грошай патраціў на анлайн-гульні. Свае абавязацельствы па штомесячнай выплаце плацяжоў не выконваў. У размовах з пацярпелымі паведамляў, што знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы. Такім чынам, шляхам падману завалодаў сумай у больш як 7 тысяч 600 рублёў.
Прыгаворам суда грамадзянін прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства па частцы 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Канчаткова назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў, якія ён правядзе ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, са штрафам 80 базавых велічынь (2 тысячы 960 рублёў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем таварна-матэрыяльных каштоўнасцей тэрмінам на 5 год.
Мера стрымання для маладога чалавека да ўступлення прыгавора ў законную сілу пакінута без змянення – заключэнне пад вартай.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram