18 красавіка — рэспубліканскі суботнік
Лунінеччына падтрымала пачын правесці 18 красавіка суботнік па навядзенню парадку ў населеных пунктах раёна.
Мяркуецца, што ўсе працоўныя калектывы прымуць актыўны ўдзел у гэтым важным і патрэбным мерапрыемстве. Раённай групай па падрыхтоўцы і правядзенню суботніка ўжо вызначаны аб’ёмы работы. Не застануцца без клапатлівых рук мясціны, якія чакаюць увагі гаспадароў. 2015-ты аб’яўлены Годам моладзі, а гэта значыць, што юнакі і дзяўчаты павінны паказаць прыклад неабыякавасці ў адносінах да родных мясцін.
У сувязі са святкаваннем 70-ай гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнікі суботніка пабываюць на месцах баявой і воінскай славы, дагледзяць магілы воінаў і партызан, навядуць парадак каля помнікаў і абеліскаў.
Многія працоўныя калектывы правядуць дзень суботніка на рабочых месцах. Як і штогод, заробленыя сродкі трэба пералічыць на разліковы рахунак райвыканкама №3641000019140 ЦБУ №119 філіяла 3121 ААТ “Беларусбанк”, код 854, УНП 200161935.
ПАВАЖАНЫЯ ЖЫХАРЫ ЛУНІНЕЧЧЫНЫ!
З года ў год наш раён станобіцца ўсё больш прыгожым і ўтульным. У гэтым значная заслуга яго жыхароў. Вялікі дзякуй усім, хто ўносіць часцінку свайго сэрца і працы ў навядзенне парадку на зямлі, паляпшэнне аблічча свайго мікрараёна, двара, дома.
Па традыцыі, у красавіку ў рэспубліцы праводзіцца месячнік па добраўпарадкаванню і азеляненню, а 18 красавіка 2015 года адбудзецца рэспубліканскі суботнік. Заробленыя ў гэты дзень грошы будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона; на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне і добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама месцаў масавай гібелі мірнага насельніцтва; на фінансаванне мерапрыемстваў па правядзенню ў 2015-ым Года моладзі.
Звяртаемся да ўсіх працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, гаспадарак усіх формаў уласнасці, навучальных устаноў, да жыхароў Лунінца, Мікашэвіч і вёсак раёна з просьбай прыняць актыўны ўдзел у суботніку. Агульнымі намаганнямі зробім усё, каб прыватныя домаўладанні, двары і вуліцы заўсёды выдзяляліся чысцінёй, патаналі ў зеляніне і кветках, радавалі сваёй дагледжанасцю, сталі для нас яшчэ больш дарагімі.
Няхай наша родная Лунінеччына заўсёды будзе добраўпарадкаванай, прыгожай і ўтульнай!
Раённы выканаўчы камітэт. Раённы Савет дэпутатаў.