Памяць хавае ўпартыя факты жахаў страшнай вайны
У гэтым перакананы старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму” Іван РУДОВІЧ.
Па яго словах, сёння на тэрыторыі Лунінеччыны пражываюць 160 чалавек, якіх у дзяцінстве немцы прымусова вывезлі на работу ў Германію. А яшчэ ў пачатку 2000-га іх было каля 700. З кожным годам усё менш застаецца жывых сведкаў тых жудасных падзей. Іван Іванавіч таксама не па чутках ведае, якой цаной заваявана незалежнасць Радзімы. Ён нарадзіўся ў 1944-ым, калі толькі што ўзяўшых шлюб бацькоў з Дрэбска прывезлі на поўнач Германіі — у паселішча Хаге каля горада Эмдэн. Мама і тата працавалі на палетках баўэра. На шчасце, змаглі выжыць, вярнуліся дамоў. Тыя ўспаміны сярод іншых ляглі ў аснову кнігі “На абпаленых крылах”, якую нядаўна выпусціла Брэсцкая абласная арганізацыя.
— Удзельнічаў у ІІІ і IV усебеларускіх з’ездах асацыяцыі непаўналетніх вязняў, — расказвае Іван Іванавіч. — У свой час усе члены нашай арганізацыі атрымалі кампенсацыю ад Беларускага Фонду “Узаемаразуменне і прымірэнне”. Паўтара года таму мы рыхтавалі анкеты на выплату дапамогі ад Германскай чыгункі. Але, на жаль, адказу пакуль так і не дачакаліся. Згодна з Указам Прэзідэнта, да юбілею Вялікай Перамогі былыя вязні матэрыяльна заахвочаны. Не адмаўляемся ад удзелу ў грамадскім жыцці раёна: праводзім мітынгі, ускладваем вянкі да абеліскаў, сустракаемся з вучнямі. Летась чарговую гадавіну вызвалення адзначылі разам з ліцэістамі і супрацоўнікамі сацыяльнай службы. Сёлета ад традыцый адыходзіць не хочацца. Але не трэба забываць, што нашы актывісты — людзі пажылога ўзросту, большасць хварэе. Няхай ва ўсіх стае сілы радавацца новаму дню, напоўненаму клопатам і ўвагай блізкіх!