70 год Перамогі

Тры вясны у Нямеччыне

IMG_2984Вокны ў хаце абавязкова повернуты да сонца. Па такому адвечнаму прынцыпу будавалі дамы нашы продкі. Каб ад самага ўзыходу яркія промні траплялі ў памяшканне, і ад гэтага саграваліся не толькі пакоі, але і сэрцы людзей. Каб дзённае цяпло прытулілася на прызбе, дзе можно было б сесці на лавачцы і згадаць самае хвалюючае…

У Еўдакіі САЙКО з Велуты таксама сонца глядзіць у вокны. Цяпер менавіта яно дапамагае сагрэцца, каб хапала сіл заставацца на гэтым свеце, паціху ўпарадкоўвацца на падворку і дачакацца 90-гадовага юбілею ў 2016-ым.

— Хіба гэта жыццё, калі так непакояць хваробы і паратунку няма ад іх, — адказала жанчына на прывітанне і звыклае: “Як справы?”.

Але яе шлях быў нялёгкім і ў маладосці. Нарадзілася і вырасла ва Украіне. Больш падрабязны адрас малой радзімы цяпер выветрыўся з памяці, і ніяк не вяртаецца ва ўспаміны. Самыя балючыя з іх пакінула ваеннае ліхалецце, калі прымусова вывезлі ў Нямеччыну.

На чужыне давялося адразу пасталець, бо не было каму за яе заступіцца. Цяжкі шлях на цягніку да месца прызначэння, размеркаванне па незнаёмых сядзібах, страх перад невядомасцю, і — праца, праца, праца…

На пытанне, ці не здзекаваліся гаспадары, адказала:

— Трэба было згаджацца з усімі, ні ў чым не пярэчыць, старанна выконваць свае абавязкі, тады і нараканняў менш. Але ўсякае бывала.

Уздыхнуўшы, Еўдакія Іванаўна расказвае, што няволя цягнулася каля трох гадоў, за якія яна так засумавала па родных. Тры вясны не чула спеву птушак, бо было не да гэтага. Калі прыйшло вызваленне, то і не верылася, што ўсё скончылася. Вяртанне было радасным, бо ехала дадому.

Лёсам ёй наканавана асталявацца на Лунінеччыне. Балоцістыя мясціны навокал Велуты сталі сваімі, бо тут міналі яе лепшыя гады. Стварыла сям’ю, разам з выбраннікам гадавалі дзяцей. На жаль, Кірыл Раманавіч даўно пайшоў з жыцця, пакінуўшы жонку сустракаць старасць у адзіноце.

Дзеці выраслі, жывуць асобна. Хата непрыкметна ўрастае ў зямлю, сведчачы пра тое, што няма нічога вечнага на свеце. Толькі сонца ўсё гэтак жа шчодра адорвае цяплом вузенькі падаконнік, не здраджваючы слабенькай гаспадыні.

Працавала яна паляводам у мясцовым калгасе яшчэ ў савецкі час. Паспявала і на агародзе ўправіцца, і з жывёлай. Усё рабілася ўручную. Калі стала паяўляцца тэхніка, адразу не верылася, што яна зможа замяніць некалькі чалавек адразу. Гэта цяпер маладым цяжка растлумачыць, што некалі жанчыны і жалі, і капалі, і кросны ставілі.

— Ды што расказваць. Так усе жылі. Дбалі пра хлеб, і да хлеба. Уставалі раніцай, працавалі да вечара. Лепшай долі не бачылі ні тут, ні ў іншых мясцінах. Але не скардзіўся ніхто. Галоўнае, на свеце стала ціха, спакойна. Толькі б і далей ніколі не было вайны.

Вечныя словы. Самае важнае і патрэбнае людзям пажаданне цяпер і назаўсёды. Калі рушыцца мір, разам з ім знікае дабрабыт людзей, да якога імкнуліся ў спакойны час. Ахоплівае страх за жыццё і здароўе блізкіх, няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

А яшчэ — беззаконнасць, грубасць і чэрствасць тых, хто мае сілу і ўладу. Менавіта яны больш як 70 год таму распарадзіліся лёсам юнай Еўдакіі, ад-везлі яе на здзекі ў чужую варожую краіну. Жыццё тады не раз падвяргалася рызыцы, не аднойчы яна заставалася галоднай і ляжала хворай, але да гэтага нікому не было ніякай справы.

Цяпер пра былых вязняў фашызму клапоціцца дзяржава. Юбілейны медаль да 70-годдзя Перамогі ўручылі і Еўдакіі Іванаўне. Ёй пажадалі здароўя, спакою і не здавацца ва ўладу хваробам. Каб яшчэ доўга сонечнае святло зазірала на прызбу. Ад яго промняў тут хутка праб’ецца маладая траўка, засведчыўшы, што жыццё працягваецца.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть