70 год Перамогі

Цюльпаны для таты

Павел БунасВетэраны вайны ўсе вельмі падобныя ў адным. Бачыўшы ліхалецце, прыніжэнні і пакуты, яны бязмежна даражаць так цяжка заваяваным мірным небам. Сэрцы былых воінаў б’юцца з трывогай, ім нельга забыць мінулае. Яно прыходзіць у снах, ажывае ў думках, быццам кадры з вядомага кінафільма бясконца паўтараецца на экране стомленай душы.

Павел БУНАС нарадзіўся летам 1926 года ў Бастыні. У вялікай сям’і абавязкаў па гаспадарцы хапала кожнаму. Ім з сястрой даводзілася пасвіць кароў, ды сумяшчаць гэта з вучобай у польскай школе.

Прыход савецкай улады бацька сустрэў з радасцю, верачы ў лепшыя перамены. Толькі тады ўжо адчуваўся подых вайны. І за свае станоўчыя адносіны да камуністаў ён аказаўся злейшым ворагам для немцаў. Асабліва пасля таго, як старэйшы сын збег ад прымусовага вывазу ў Нямеччыну і ўдзельнічаў у арганізацыі партызанскага атрада. Гэта не стала сакрэтам для паліцаяў, і над сям’ёй навісла пагроза.

Жорсткія законы новых улад прыводзілі ў шок. За аднаго забітага немца ворагі паабяцалі знішчыць сто нявінных жыхароў з трох навакольных вёсак. Калі рыхтавалася жудасная расправа, паспелі схавацца ў лесе. На жаль, не здолеў выратавацца брат-інвалід, ад рук ворагаў запалаў і родны дом…

Спачатку яны і яшчэ некалькі сем’яў такіх жа вымушаных пакутнікаў туліліся ў лесе. Потым далучыліся да партызанскага атрада. Так Павел ступіў на шлях барацьбы з немцамі, дзе атрымаў давер, служыў старанна і аддана.

Удзельнічаў у рэйкавай вайне, калі падкладвалі міны, знішчаючы варожыя эшалоны. Узрывалі масты, арганізоўвалі засады. Пасля пераходу да Грычына стала цяжэй з-за аддаленасці. На аперацыю даводзілася ісці па балотах пяць гадзін запар. На падыходах да чыгункі былі замаскіраваныя расцяжкі з мінамі. Тонкі дрот, нацягнуты ніжэй каленяў, ледзь бачны. Але варта дакрануцца, як прагрыміць смяротны выбух. Павел ведаў мясцовасць, таму часта даводзілася быць правадніком.

Вестка пра набліжэнне фронту ўскалыхнула лясны лад жыцця. Потым дапамагаў у правядзенні мабілізацыі мясцовага насельніцтва і ў барацьбе з бандытамі. Немцы і паліцаі хаваліся ад заслужанай кары ў лясах і балотах. Іх жорсткія вылазкі за харчаваннем часам заканчваліся трагічна. Далі абмундзіраванне і зброю, правялі кароткія курсы па страявой, і пачаліся ў Паўла неспакойныя будні. Да месцаў, дзе арудуюць банды, дабіраліся за дзясяткі кіламетраў. Балюча, калі спазняліся, і вёскі ўжо былі абрабаваны. Спалоханыя дзеці і спакутаваныя старыя чакалі дапамогі. Кожны затрыманы вораг ці разгромленае логава наводзілі страх на вырадкаў — іх станавілася менш, жыццё спакайнела…

У барацьбе з бандытамі на тэрыторыі Украіны праходзіла армейская служба і пасля Перамогі. Юнак не знімаў вінтоўку з плячэй. Умелая маскіроўка надзейна хавала тых, каму не падабаліся савецкія законы. Яны падрывалі калектывізацыю, перашкаджалі правядзенню выбараў. Барацьба была доўгай, жорсткай і крывавай.

Дамоў вярнуўся толькі ў 1950-ым. У першы ж месяц уладкаваўся на чыгунку. І гэта стала пачаткам 36-гадовага бесперапыннага стажу. Працаваў аддана, і неўзабаве ў Паўла на грудзях заззяў Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Паказчыкі перавыконваліся кожны год, хаця заробкі былі невялікімі. Але імкненне адказна адносіцца да абавязкаў ад гэтага не змяншалася.

Спачатку Павел працаваў у Люшчы, потым на станцыі Дзятлавічы. Кожную раніцу дабіраўся на работу за 4 кіламетры з Бастыні, бо вырашыў асталявацца на малой радзіме. Яны з бацькам першымі пасля вызвалення пабудавалі ў роднай вёсцы новы дом. На той час вялікі і прасторны, бо марылася пра мнагадзетную сям’ю.

Павел ажаніўся на мясцовай дзяўчыне Надзеі, нарадзіліся сын і дачка. Працавалі, імкнуліся жыць не горш за людзей. Ды здзейсніцца ўсяму задуманаму перашкодзіла хвароба жонкі. Ад праблем з сэрцам яна памерла ў 197б-ым

Дзеці на той час падраслі ўжо, ды заставацца аднаму з вялікай гаспадаркай ніяк не выпадала. Таму неўзабаве сышоўся жыць разам з Ганнай Панцялееўнай, якая была родам з Расіі. Адзінота адчувалася менш востра, але больш нашчадкаў Бог ім не даў. А ў 2011-м Павел Пятровіч зноў аўдавеў.

Здавалася б, хопіць выпрабаванняў на чалавечы лёс, але спазнаць давялося яшчэ адно страшнае гора. Таксама ад хваробы сэрца памёр сын Міхаіл, якому было ўсяго 52 гады.

Дачка Ніна жыве ў Брэсце. Яна, пяць унукаў і праўнучка Надзіна саграваюць адзіноту былога чыгуначніка і ўдзельніка вайны. У час нашага знаёмства заўважыла на стале вялікі букет цюльпанаў.

“Адзначалі важную падзею?” — спыталася.

“Не, дачка падарыла, прыязджала на днях”, — з гонарам і цеплынёй у вачах усміхнуўся бацька. А мне стала ніякавата, што ўспрыняла кветкі як нешта асаблівае ў жыцці доўгажыхара. Аказалася, гэта звычайнае праяўленне шчырых пачуццяў любові і павагі да роднага чалавека, вартае таго, каб стаць прыкладам для іншых.

Шчырыя словы ўдзячнасці Павел Пятровіч дасылае калектыву Лунінецкай дыстанцыі пуці, якія не забываюць былога калегу. Амаль не засталося равеснікаў у вёсцы, няма з кім згадаць трывожнае юнацтва. Тэлевізар стамляе бясконцай рэкламай, не заўсёды ён згодны з поглядамі палітыкаў і журналістаў. Але заспакойвае, што сумеснымі намаганнямі ў нашай краіне берагуць самае галоўнае багацце — мір, дзеля якога прынялі на сябе страшныя пакуты старэйшыя пакаленні.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть