Общество

Белая пятніца

снег1
У пятніцу, 15 сакавіка, раён трапіў у паласу цыклону “Хавер”, што выклікаў такую не звычайную для нашых мясцін з’яву як снежны шторм.

Па дадзеных Палескай метэастанцыі парывы ветру дасягалі ўраганнай сілы – больш за 20 метраў у секунду. Складана дакладна вызначыць узровень ападкаў, таму што з адкрытых участкаў снег здувала, а на нізінных – гурбы перавышалі агароджы.
снег2–Асноўныя спажыўцы электраэнегіі, у тым ліку фермы, без святла не заставалсія, – адзначыў Мікалай Сцяпанавіч. Экстрэмальныя ўмовы надвор’я паказваюць, як жыхары прызвычаіліся да элементарных даброт цывілізацыі і як складана абыходзіцца без іх. Галоўны інжынер раёна электрасетак Мікалай Яроцкі паведаміў, што аказаліся адрэзанымі ад электраэнергіі цалкам вёскі Лугі і Добрая Воля, часткова – Бастынь і навакольныя хутары, Дзятлавічы і аднайменная станцыя, Кажан-Гарадок. Работнікі РЭС працавалі ўсю ноч і здолелі аднавіць падачу электрычнасці да 16 гадзін у суботу.

Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ніна Дударга праінфармавала, што там, дзе былі расчышчаны дарогі, друкаваныя перыядычныя выданні былі дастаўлены своечасова. І ўсё ж завіруха перашкодзіла дабрацца да шэрагу населеных пунктаў. Па адным з маршрутаў спецаўтамабіль прастаяў 3 гадзіны каля вёскі Цна, яшчэ 2 – паблізу Дрэбска, адкуль машыну прыцягнулі ў Лунінец. У суботу з-за надвор’евых умоў раніцай не паступілі рэспубліканскія выданні. Улічваючы ўсе абставіны, вырашылі ў сельскіх аддзяленнях сувязі перанесці выхадны дзень з панядзелка на суботу. З пачатку тыдня машыны даставілі прэсу па месцах прызначэння.

Раніцай у панядзелак работнікам АП-10 давялося выслухаць шмат скаргаў на затрымку рэйсавых аўтобусаў.

–На жаль, многія людзі не жадаюць зразумець, што рух транспарту залежыць ад стану дарог, – адзначыла інжынер па арганізацыі перавозак Валянціна Гапчына. – У пятніцу не змаглі пераадолець снежныя заносы аўтобусы, якія вярталіся: з Дубаўкі, з Багданаўкі – спыніўся ў Луніне, з Чучавіч – захраснуў у Велуце, з Любачына – засеў паміж Дварцом і Вічыном. У выніку па другому рэйсу аўтобусы не выйшлі. Вярнуліся ў гараж толькі каля 8-мі гадзін вечара. У выхадныя дні рух нармалізаваўся, на лінію выйшлі ўсе гарадскія маршруты. На нашу думку, камунальная служба не спраўляецца з ачысткай вуліц Лунінца. У панядзелак давялося адмяніць “шасцёрку”, таму што па Гагарына немагчыма было праехаць.

Тым часам у рэдакцыю “ЛН” патэлефанавала жыхарка Баранавічаў. У нядзелю, 17 сакавіка, яна дабіралася з Луніна ў Лунінец і вельмі хвалявалася, ці паспее на цягнік. Аўтобус у вёску прыбыў у 16.16, як і пазначана на раскладзе, і таксама ў тэрмін спыніўся каля вакзала. Уражаная чыгуначніца раней меркавала, што так дакладна ходзяць толькі цягнікі, таму шчыра дзякавала калектыву АП-10.

У гэтым выпадку трэба аддаць належнае і сумежнікам транспартнікаў – ДРБУ-101. Начальнік Аляксандр Трухноў адзначыў, што з такой няштатнай сітуацыяй дарожнікі сутыкнуліся ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў. На расчыстцы дарог былі задзейнічаны ўсе 15 адзінак транспарту, арганізацыя працавала ў кругласутачным рэжыме.

–Падтрымалі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, – выказаў удзячнасць Аляксандр Мікалаевіч. – Яны дапамагалі ў пераадоленні снежных заносаў, выводзячы на вуліцы населеных пунктаў да 30 адзінак транспарту. У суботу быў адноўлены рэгулярны маршрутны рух аўтобусаў, становішча стабілізавалася.

Збор асабістага саставу РАНС па трывозе аб’яўляецца ў тым ліку і пры прыродных катаклізмах, але па двое сутак на рабочых месцах раней дзяжурылі хіба што пры пажарах на тарфяніках. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Арашкевіч паведаміў, што 15 сакавіка 23 разы выязджалі на буксіроўку транспартных сродкаў – “хуткай дапамогі” і спецтранспарту РЭС. Самыя складаныя 4 заторы назіраліся на аўтадарозе М-10 Кобрын-Гомель – ад Іванава да Луніна аўтамабілі стаялі ў “пробцы” па 12 гадзін. Каля в. Дубнавічы шматгрузная фура перавярнулася пасярод дарогі, таму давялося ліквідаваць затор у суседнім раёне. Выратавальнікі забяспечвалі вадзіцеляў гарачым чаем, дзейнічалі ў цеснай звязцы з РАУС і іншымі службамі.

Старшы інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ Пётр Ярашэвіч праінфармаваў аб аператыўнай абстаноўцы за пятніцу і два выхадныя дні:

–15 сакавіка адбылося 6 дарожна-транспартных здарэнняў, пераважна з механічнымі пашкоджаннямі аўтамабіляў. На жаль, адзін чалавек атрымаў пакалечанні і дастаўлены ў бальніцу ў цяжкім стане. Гэта адбылося на ўчастку Лунінец-Яжаўкі пры выцягванні аўтамабіля з абочыны з-за неўзгаднення дзеянняў паміж пацярпеўшым, які спрабаваў прымацаваць трос у той момант, калі вадзіцель даў задні ход… За тры дні выяўлены 54 парушэнні Правілаў дарожнага руху. Тры вадзіцелі кіравалі транспартам у нецвярозым стане. Карыстаючыся выпадкам, нагадаю, што ўзмацняем кантроль на дарогах у рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Без правоў – за рулём не месца”. Адзначу, што ў экстрэмальных умовах надвор’я на расчыстку снегу выйшлі ўсе арганізацыі, маючыя адпаведны транспарт. Істотны ўклад унеслі РУВП “Граніт” і сельгаспрадпрыемствы, без дапамогі якіх наступствы завірухі былі б больш складанымі…

Дырэктар Лунінецкай ЖКГ Васіль Вакульчык удзячны работнікам камунальнай службы, якія барацьбу са стыхіяй пачалі з вечара ў чацвер. Многім давялося працаваць у 14-20-гадзінным рэжыме. На расчыстку вуліц горада, у залежнасці ад складанасці ўчасткаў, выходзілі ад 8 да 11 адзінак тэхнікі. Дапамагалі ПМК-7 і ПМК-59, у раёне Залесся са снегам змагалася прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Цяпер у цяжкадаступных участках горада задзейнічаны бульдозеры і трактары павышанай грузападымальнасці.

У штатным рэжыме працавалі ўстановы аховы здароўя ЦРБ. Намеснік галоўнага ўрача раёна Ігар Невар паведаміў, што непагадзь не здолела перашкодзіць службе “хуткай дапамогі”. Дзякуючы разуменню кіраўнікоў, шэраг арганізацый – у прыватнасці, ДРБУ-101, Лунінецкая ЖКГ і Водаканал, – выдзялялі трактары, якія расчышчалі шлях спецыялізаванаму транспарту. Брыгады медыкаў своечасова паспявалі абслужваць кожны выклік.

Аб людзях, якія пацярпелі ад завірухі, паклапацілася раённая арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа. Валанцёры расчысцілі некалькі двароў пажылым гараджанам, а пасля ў аўтамабілі рухаліся ўзждоўж трасы. Прапаноўвалі гарачы чай вадзіцелям машын, што вымушана спыніліся, некаторым “легкавушкам” дапамаглі вызваліцца са снежнага палону.

Большасць лунінчан усведамлялі, што стыхія з’яўляецца агульнай праблемай, таму прымалі пасільны ўдзел у ліквідацыі снежных заносаў. На жаль, знайшліся асобныя гараджане, якія патрабавалі тэрміновай расчысткі ад снегу іх двароў ці вуліц, не прымалі тлумачэнні, што сілы шэрагу арганізацый кінуты на ўборку снегу на тэрыторыі, перш-наперш, устаноў сацыяльнай сферы, і пагражалі скардзіцца вышэй. Прыкра, што ў дварах шматпавярховак аб расчыстцы снегу клапаціліся толькі аўтаўладальнікі, а астатнія жыхары хадзілі ў чаканні плёну работы дворнікаў, нават не думаючы прапанаваць жанчынам у спецвопратцы мужчынскую дапамогу. Не будзем называць вядомыя імёны “дабрачынцаў” уласных інтарэсаў за дзяржаўны кошт. Возьмем за прыклад работнікаў райспажыўтаварыства, якія дружна выйшлі на расчыстку падыходаў да аб’ектаў гандлю.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть