“БЕЗ ЧЫТАННЯ НЕ ЖЫЦЬ”
Общество

“БЕЗ ЧЫТАННЯ НЕ ЖЫЦЬ”

Вельмі дакладнымі падаліся словы ветэрана-медыка Станіслава Туркоўскага, які выступіў у цэнтральнай бібліятэцы на адкрыцці выставы «Кніжныя скарбы Лунінеччыны”.

Паважаны лунінчанін расказаў аб сваім захапленні кнігамі, якое выхоўвалі ў сям’і. У дзяцінстве прачытаў многія шэдэўры сусветнай літаратуры. З бацькоўскай бібліятэкі ў яго хатнюю перайшлі і кнігі на польскай мове: «Кароткая гісторыя свету” 1916 года выдання і падручнік «Гісторыя для 8-га класа” – 1938-га.
Мяркуючы па выставе, у многіх сем’ях шануюцца менавіта тыя кнігі, па якіх вучыліся продкі цяперашніх лунінчан. Дырэктар края-знаўчага музея Ганна Пакіна выказала ўдзячнасць нашаму земляку з Мінска Льву Коласаву, які ў свой час перадаў роднаму гораду дзясяткі падручнікаў пачатку ХХ стагоддзя. 
Сховішча даўніны па праву ганарыцца рарытэтамі – гэта кніга пачатку ХVIII стагоддзя з Дзяцелавіцкага, як мяркуецца, праваслаўнага манастыра, іншыя богаслужэбныя выданні ХІХ стагоддзя. Іх захавалі жыхары ў час разбурэння храмаў, а потым перадалі ў музей. Многія з кніг паказаны на выставе ў бібліятэцы.
Цікавымі былі расказы захопленых краязнаўствам ветэранаў-педагогаў. Іван Панасюк з Лунінца прадставіў падручнік «Прыродазнаўства” за 1916 год, паведаміў аб падшыўцы дарэвалюцыйных выданняў газеты «Наша Ніва”, іншых каштоўнасцях уласнай кніжнай калекцыі. Яго калега з Любані Сцяпан Нефідовіч пазнаёміў з праваслаўным календаром за 1934 год. 
Старшыня савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова паведаміла аб тым, якімі шляхамі трапілі да яе рэдкія кнігі. «Кароткая айчынная гісторыя” за 1907-ы належала дзеду, «Дамашняя кухня” 1937-га – маме. Дарэчы, дагэтуль, калі хоча ўразіць гасцей, выпякае торты па тагачасных рэцэптах. А вось рарытэт 1835-га «Лісты Напалеона да Жазефіны” знайшла ў макулатуры, якую здавалі вучні СШ №4. Наталля Іванаўна паказала і сапраўдную сямейную рэліквію. Казка Чукоўскага «Доктар Айбаліт”, выдадзеная ў 1945-ым, была падорана ёй да першага класа. Яе чыталі браты і сёстры, дзеці. І ўнукі ХХІ стагоддзя з асаблівым пачуццём дакранаюцца да гэтай старой, але вельмі дарагой сэрцу кнігі.
Удзельнікам урачыстага адкрыцця выставы падзякавала дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзея Ра-дзіяновіч. Безумоўна, будуць уважліва вывучаны пажаданні і прапановы аматараў чытання, якія прагучалі ў час сустрэчы. 
Улічваючы імкненне лунінчан знаёміць землякоў з гісторыямі рэдкіх выданняў са сваіх калекцый, вырашана паўтарыць сустрэчу напярэдадні Дня беларускага пісьменства і прысвяціць яе рарытэтам нацыянальнай літаратуры.          



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть