Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

Няхай палымнее Каціна зорка

Няхай палымнее Каціна зорка

Няхай палымнее Каціна зорка

Ёсць меркаванне, што кожны чалавек нараджаецца пад сваёй адзінай зоркай. Але нябесныя свяцілы бываюць рознымі – яркімі, цьмянымі ці міргаючымі. Ад гэтага і лёсы людзей маюць адрозненні: нехта задаволены жыццём і радасны, а іншы часта пакутуе ад няшчасцяў і ніколі не знаходзіць душэўнага спакою. Калі згадзіцца з такой гіпотэзай, то зорка лунінчанкі Кацярыны ІВАШКЕВІЧ аказалася далёка не самай шчаслівай. Дзяўчына з маленства пакутуе на невылечную хваробу, да якой з узростам дадаліся новыя недамаганні. А сёлетняя вясна прынесла ёй самае страшнае выпрабаванне – заўчасна памерла маці, якая была самым галоўным памочнікам і дарадцай, сяброўкай і анёлам-ахоўнікам…

Тата Іван Максімавіч і нябожчыца-мама Анастасія Васільеўна родам з Міжлесся. Там выраслі, марылі пра шчаслівую будучыню. Спачатку ўсё так і складвалася – пасябравалі, пакахалі, стварылі сям’ю. Вырашылі пасяліц-ца ў райцэнтры, куды ўладкаваліся на работу і атрымалі кватэру. Гадавалі сына Ваню і двайнятак Марыну і Кацю. Неўзабаве пасля нараджэння дзяўчынак у 1982 годзе заўважылі праблемы са здароўем адной з іх. Пачаліся медыцынскія даследаванні, вынікі якіх сталі ўдарам – заключэнне пацвердзіла горшыя падазрэнні, што ў дзіцяці ДЦП.

Прыняць прысуд урачоў было цяжка, але бацькі вырашылі не апускаць рукі. Куды толькі не звярталі-ся за дапамогай, як толькі не змагаліся за выздараўленне малышкі. Узнагародай за шматтыднёвыя намаганні, матэрыяльныя расходы і недаспаныя ночы лічыліся кожны новы рух, больш дасканалыя позірк ці слова.

Спатрэбіліся дзесяцігоддзі непамерных сіл, каб Каця, будучы ляжачай, навучылася сядзець і нават самастойна перасоўвацца па кватэры на хадулях. У паліклініку ці на вулі-цу выкарыстоўваецца інваліднае крэсла. На ногі замацаваны спецыяльныя прыстасаванні для падтрымання ў належным стане суставаў, і гэта дапамагае адчуваць сябе больш упэўнена. На даму дзяўчына асвоіла школьную праграму і навучылася прыгожа вышываць. Талент да рукадзелля перадаўся ад матулі, якая таксама стварала неверагодна прыгожыя і дасканалыя рэчы…

Жыццё пастаянна выпрабоўвала іх сям’ю на трываласць. Толькі паявіліся першыя перамогі ў стане Кацюшы, як у яе выявілі інфекцыйнае захворванне нырак і мачавога пузыра. Лячэнне ў мясцовых бальніцах не дало жаданых вынікаў, давялося шукаць паратунку за межамі краіны. Знаходжанне ў расійскай клініцы, дзе ўсё ж змаглі дапамагчы, абышлося ў 1500 долараў ЗША. Такі метад патрабуе паўторнага лячэння кожныя паўгода, ды на гэта не хапае сродкаў. Сям’я Івашкевіч звяртаецца да ўсіх землякоў, неабыякавых да чужога болю з просьбай аб дапамозе. Адкрыты дабрачынныя разліковыя рахункі ў аддзяленні 135 філіяла 121 АСБ “Беларусбанк”:

у беларускіх рублях – BY28 АКВВ 3134 0000 0939 5122 0135 BYN;

у доларах ЗША – BY13 АКВВ 3134 0000 0939 6122 0135 USD;

у еўра – BY95 АКВВ 3134 0000 0939 7122 0135 EUR;

у расійскіх рублях – BY71 АКВВ 3134 0000 0941 8122 0135 RUB на імя Івашкевіч Марыны Іванаўны. Назначэнне плацяжу – на лячэнне і рэабілітацыю Івашкевіч Кацярыны Іванаўны.

Яшчэ адна бяда напаткала сям’ю мінулай зімой, калі мама Анастасія Васільеўна пакаўзнулася на слізкай сцежцы і моцна ўдарылася галавой. Правялі аперацыю, але паляпшэння не наступіла, праз некалькі месяцаў здарылася непапраўнае… Пра Кацю клапоцяцца бацька  і сястра. Іван Максімавіч працаваў на чыгунцы, цяпер на заслужаным адпачынку і на інваліднасці 2-ой групы. Марына сама мае праблемы са зрокам, гадуе 10-месячную дачушку Вераніку. Грошай на новую паездку ў расійскую клініку нельга назбіраць з пенсіі і дапамогі па інваліднасці.

Вялікія расходы патрабуюцца на пакупку катэтараў за поўны кошт (тыя, што можна выпісаць у нас бясплатна, ёй не падыходзяць).

Каця – прыемная суразмоўніца, тактоўная і спакойная. Жаноцкасць і абаяльнасць дадаюць цёплага бляску заўсёды сумным вачам. Завіткі валасоў ёй падарыла сама прырода, толькі цану за прыгажосць узяла занадта высокую і непера-адольную. Дзяўчына трымаецца мужна, нікога не вінаваціць у сваіх праблемах. А калі ў грудзях пячэ мацней звычайнага, то выратаваннем становіцца іголка з ніткамі. Яна садзіцца ўтульней, дастае запланаваны эскіз на тканіне. Адзін рух, другі, трэці – і просты белы шматок паступова ператвараецца ў дасканалую вышыванку.

Сярод створанага – разнастайныя жывёлы: вось імчыцца некуды ўдалячынь хуткая тройка, прыязна пазірае жартоўны цацачны слонік, плешчуцца ў вадзе дружным гуртам прыгажуны-дэльфіны, на галінку з ягадамі каліны апусці-ліся птушкі-сінічкі. Дзівосныя кветкі распускаюцца, быццам жывыя. Здаецца, нават іх водар адчуваецца ў пакоі, настолькі праўдзіва і натуральна глядзіцца рукатворны ўзор. Ёсць тут некалькі вышытых ікон, стварэнне якіх патрабуе няпростага ўмення. А казачныя Алёнушка і Іван-Царэвіч нагадваюць пра дзя-цінства.

Некалькі год таму ў Брэсце ў Доме прафсаюзаў на працягу месяцаў праходзіла выстава Каціных вышыванак, яна чула шмат станоўчых водгукаў у свой адрас. Але цяпер дзяўчына адмаўляецца прымаць удзел у падобных мерапрыемствах. Магчыма, прычына ў тым, што хоча заўсёды бачыць карціны дома і любавацца імі. Палымнеючы на сценах, рукатворныя творы даюць майстрысе дадатковыя сілы, дапамагаюць не верыць у безна-дзейнасць.

Вельмі шкада, што яе жыццёвая зорка гарыць цьмяна, закрыта шчыльнай заслонай з горычы і выпрабаванняў. Але гэта можна паправіць. Давайце прыкладзем агульныя намаганні дзеля таго, каб мужная лунінчанка пакутавала менш, дадзім ёй шанц пазбавіцца ад болю. Для гэтага не патрабуецца занадта многае – дастаткова падзяліцца хаця б невялікай грашовай сумай, перадаць яе на дабрачынныя мэты. І магчыма некалі, дзякуючы нашай дабрыні, сама Каця заззяе яснай зорачкай ад шчырай усмешкі на твары, калі ўсе яе праблемы застануцца ў мінулым.

← Предыдущая новость