Самая высакародная справа
Пры падтрымцы БРСМ у раёне стартавала дабрачынная акцыя “Пабудуем хоспіс разам!”. Мэта яе правядзення – збор грашовых сродкаў на рэалізацыю праекта будаўніцтва новага памяшкання для невылечна хворых дзяцей і прыцягненне ўвагі грамадскасці да гэтай праблемы.
Беларускі дзіцячы хоспіс ўжо больш за 18 гадоў аказвае медыцынскую і сацыяльна-псіхалагічную дапамогу. Арганізацыя прадастаўляе паслугі ўрача, медсястры, сядзелкі, псіхолага, сацыяльнага работніка, а таксама забяспечвае неабходным медыцынскім абсталяваннем і медыкаментамі.
Штогод дапамогу тут атрымліваюць каля 250 дзяцей з усёй рэспублікі, але гэта толькі 10 працэнтаў ад тых, хто мае патрэбу.
Дзіцячыя хоспісы маюць уласную філасофію будаўніцтва. На сённяшні дзень падрыхтаваны эскізны праект аб’екта. Аказваецца ўсебаковая падтрымка з боку Міністэрства аховы здароўя. Ажыццявіць праект падобнага маштабу будзе вельмі цяжка, тым не менш кіраўніцтва спадзяецца, што знойдуцца неабыякавыя людзі, якія змогуць аказаць падтрымку.
– Насколькі хутка з’явіцца цэнтр і зможа пачаць сваю работу – залежыць ад нас усіх. Плануецца, што будаўніцтва завершыцца на працягу двух год. Спа-дзяюся, лунінчане здольныя на такія вялікія ўчынкі. Наш валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” расклеіў інфармацыйныя лістоўкі, у прадпрыемствы і арганізацыі горада і раёна адправілі адпаведныя лісты, – расказвае другі сакратар РК БРСМ Юрый Паўловіч.
Дапамагаць дзецям – самая высакародная справа ў свеце. Кожны з нас можа закласці сваю цаглінку ў будынак Беларускага дзіцячага хоспіса. Грашовую дапамогу просьба пералічваць на р/р 3015284830010 у РКЦ №18 ААТ “Белаграпрамбанк” у Лунінцы – Брэсцкае абласное ўпраўленне, БІК 150501401 УНП 200951092.