Благотворительность

Сіла веры

Кожная матуля ведае, наколькі маральна і матэрыяльна цяжка даецца часам лячэнне сына ці дачушкі. Здаецца, ніякіх грошай не шкада, толькі б паправіліся! Колькі шчырых малітваў злятаюць з вуснаў бяссонымі начамі, ведаюць толькі маці, якія імкнуцца выратаваць дзіця…

Кипцевич

Ёсць іконы і ў доме Святланы Кіпцэвіч з Дзятлавіч. На вуліцы Міра іх катэдж прыцягвае ўвагу дагледжанасцю і парадкам. Гэтак жа чыста і ўтульна ў светлых пакоях. Гаспадыня гасцінна запрасіла нас на кухню, прапанавала гарачы чай. Падзякаваўшы, перадалі шчырыя прывітанні ад актывістак раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” на чале з галоўным рэдактарам “ЛН” Таццянай Вайцяхоўскай, калектываў рэдакцыі нашай газеты і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А яшчэ падарылі мяккія цацкі і прадуктовы набор, які для мнагадзетнай сям’і будзе вельмі дарэчы. Тым больш, што пэўную частку бюджэту тут рэгулярна трацяць на лякарствы. Даходы ж Кіпцэвічаў – заробак мужа-чыгуначніка ды дапамога жонкі, якую атрымлівае па догляду за дзеткамі, што змагаюцца з невылечнай хваробай.

– Яны не заўсёды былі такімі, – расказвае Святлана Міхайлаўна. І цяжарнасць, і роды праходзілі нармальна. Дзімка паявіўся на свет у 2002-ім. Развіваўся, як усе, а потым заўважылі змены ў рухальнай актыўнасці. Стаў менш бегаць, паступова паявіліся праблемы з хадой. Цяпер жа яго свет абмежаваны толькі нашым домам. Дачушка Вікторыя нарадзілася годам пазней. Цяпер сапраўдная мая памочніца! Андрэй і Сяргей – двайняты. Прычым, у малодшага – аналагічнае захворванне, як і ў старэйшага брата. Потым спецыялісты тлумачылі, што перадаецца яно на генетычным узроўні. Мая мама расказвала, што ў яе родзе таксама хлопчыкі пакутавалі ад такой бяды. Таму вельмі хвалююся за сваю дачушку. Хачу для Вікі шчаслівейшага мацярынства…

Каб хоць крыху спыніць імклівае развіццё мышачнай атрафіі ў сыноў, Святлана Міхайлаўна ўважліва сочыць, каб тыя рэгулярна прымалі таблеткі. Сям’я ездзіла на кансультацыі ў Брэст, Мінск і нават Маскву. Усюды – несуцяшальныя вывады ўрачоў… Але паддавацца адчаю Кіпцэвічы не прывыклі. Дзеткі добра вучацца. Да Дзімы і Сярожы на дом прыходзяць настаўнікі – Мікалай Мікалаевіч Грыцук і Людміла Іванаўна Гопта. Старэйшаму хлопчыку ўжо цяжка трымаць ручку, таму ўрокі вывучае толькі вусна. Тым не менш, яму ўсё падабаецца. Любімы занятак абодвух – гульні на камп’ютарах.

Сумесны фотаздымак у нас, на жаль, не атрымаўся. Віка была ў школе, а 3-класнік Андрэй зараз адпачывае ў “Коласе”. Дарэчы, гэтая паездка для яго – не першая. У кастрычніку ездзіў у “Світанак”, двойчы пабываў у Італіі. Сумуе, безумоўна, і з нецярпеннем чакае сустрэчы з бацькамі, сястрой і братамі.

Не такая вялікая, але любімая сям’я ёсць у  Сашанькі Рылач з Малых Чучавіч. У лістападзе ёй споўнілася 2 гады, але на свой узрост дзяўчынка не выглядае. Па словах матулі Наталлі Антонаўны, не дабірае вагі цела з-за праблем са страваваннем. І паявіліся яны адразу пасля нараджэння. Жанчына з жахам успамінае, як праз 3 дні пасля родаў малышку ў крытычным стане адправілі на лячэнне ў Брэст. Там зрабілі адну аперацыю, другую… Толькі ўявіце сабе: за сваё кароценькае жыццё Саша перанесла ўжо 9 хірургічных умяшальніцтваў! І гэта яшчэ не ўсё. Літаральна на днях дзяўчынку чакае новае выпрабаванне…

Рылач

Так сталася, што Наталля Антонаўна сама гадуе дачушку. Акрамя яе, ёсць старэйшы сын Ягор. Клопаты па догляду за сястрычкай дзеліць разам з бабуляй Аленай Сцяпанаўнай, у доме якой і жыве сям’я. Сумеснымі намаганнямі яны стараюцца  аблегчыць самаадчуванне малышкі. І яна радуе блізкіх сваімі ўсмешкамі і першымі поспехамі. Для Сашкі па льготных рэцэптах штомесяц атрымліваюць спецыяльнае харчаванне. Час ад часу патрэбны кансультацыі вузкіх спецыялістаў.  Адкуль ім узяцца ў глыбінцы? Вось і даводзіцца наймаць машыну, каб ехаць у райцэнтр.

Наш візіт да сям’і супаў з дзённым сном Сашкі, таму ў імправізаванай фотасесіі паўдзельнічалі толькі Ягор з мамай. Тым не менш, спа-дзяемся, што лялька, якой дапоўнілі пакет з прадуктамі, спадабаецца дзяўчынцы.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть