Вочы ззяюць шчасліва!
У радзільнае аддзяленне УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” на Пакрову Багародзіцы з усмешкамі і падарункамі спяшаліся не толькі шчаслівыя маладыя бацькі, але і загадчыца аддзела ЗАГС райвыканкама Святлана Яроцкая разам з в.а. першага сакратара райкама БРСМ Ігарам Гаргуном.
Пачуць словы віншаванняў сабраліся шчаслівыя жанчыны. У адной з іх — Марыны Гардзюк, менавіта ў гэты дзень, на свет паявілася малышка.
— Нараджэнне новага чалавека — падзея значная не толькі для адной канкрэтнай сям’і, але і для ўсяго горада ў цэлым, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
Пад апладысменты маладым мамам яна ўручыла падарункі і падрыхтаваныя пасведчанні. 3 гэтага моманту Іван Голдзін, Амалія Яраховіч, Ксенія Ганчарова, Анастасія Барэцкая, Паліна Насковіч і Мацвей Канапацкі — паўнапраўныя грамадзяне Беларусі.
Госці падзякавалі зямлячкам за тое, што яны паляпшаюць дэмаграфічную сітуацыю Лунінеччыны, пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, а таксама вярнуцца ў раддом яшчэ не раз.
— За клопатамі зусім забыла пра свята, таму віншаванне стала для мяне прыемным сюрпрызам, — падзялілася ўражаннямі Галіна Канапацкая (на здымку).
Без макіяжу і ўбранняў матулі ззялі незвычайнай жаночай прыгажосцю: яны — шчаслівыя! Яны сталі мамамі!