Захоўваць аптымізм і веру
Аб добрай традыцыі ўшаноўваць людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, якія здолелі перамагчы сваю хваробу і дасягнуць поспехаў у розных відах дзейнасці, расказала дырэктар Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай:
— У раёне пражывае 2966 чалавек, якія маюць інваліднасць: I групы — 645, II — 1380, III — 941. У 77-мі захворванне звязана з аварыяй на ЧАЭС. У нашым цэнтры стаяць на ўліку 251 падапечны.
Нягледзячы на складаныя абставіны жыцця, гэтыя людзі знаходзяць сілы быць мудрымі, шчодрымі, годнымі павагі. Не чакаючы асаблівых адносін, яны на роўных з іншымі працуюць на прадпрыемствах, асвойваюць новыя тэхналогіі, займаюцца творчасцю. Любыя іх ініцыятывы заўсёды знаходзяць падтрымку ў раённых улад у асобах намесніка райвыканкама Анатоля Захаркевіча і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Аксёнавай.
У многіх дрэннае здароўе не абмяжоўвае здольнасці і талент. З гэтай мэтай у цэнтры функцыянуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Тут працуюць псіхолагі, урачы, педагогі, лагапеды. Дзейнічае комплексная сістэма сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі да жыцця.
Традыцыйна да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь ладзіліся святочныя мерапрыемствы. Абласное свята творчасці «Павер у сябе!» прайшло ў Брэсцкім ДК прафсаюзаў. Яго ўдзельнікамі і гледачамі сталі і нашы выхаванцы. Праграма яшчэ раз нагадала ўсім пра людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Са свайго боку інваліды яшчэ раз паказалі, што ў іх творчасці сапраўды ёсць чаму павучыцца.
— Маладыя інваліды са шматлікімі псіхафізічнымі парушэннямі займаюцца ў творчых гуртках «Пацеркі», «Рукадзельніца», «Чароўная саломка», «Мастацкая майстэрня», «Раслінаводства», «Дамаводства», «Малюем разам», «Фантазіі з нітак», «Літаратурны», — дапоўніла кіраўніка загадчыца аддзялення Таццяна Дырда. — Наш раён на фестывалі прадстаўлялі 11 маладых людзей. Усе работы адзначаны дыпломамі розных узроўняў. Запамінальнай атрымалася святочная канцэртная праграма. Некаторыя ўдзельнікі на вялікай сцэне раскрылі свае таленты ўпершыню. Не дзеля прызнання. Яны проста выканалі свае любімыя танцы, песні і вершы.
Марына АРЭШКА