Чатыры сыночкі
Усім вядома, што мужчына за сваё жыццё павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і вырасціць сына. Некаторым з прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва такія абавязкі даюцца з цяжкасцю. Але ёсць выпадкі, калі наадварот: і дом – светлы, прасторны ды ўтульны; і дрэўцаў – узнімаецца, квітнее цэлы сад; а прыгажуноў-сыночкаў – не адзін, а цэлых чатыры.
Гэтым самым важным багаццем на свеце валодае сям’я Эдуарда і Тамары АРЭХВА з Бастыні. Жывуць на малой ра-дзіме гаспадыні, бо гаспадар вырас у Велуце. Пачалося ўсё з выпадковай сустрэчы будучых мужа і жонкі. Сябар папрасіў Эдуарда звазіць машынай у суседнюю вёску на спатканне з дзяўчынай, якая аказалася сяброўкай Тамары. Не ведаю, ці склалася што сур’ёзнае ў адно-сінах тых сяброў, але паміж новымі знаёмымі пачуцці разгарэліся на ўсю моц.
Яны з замілаванай усмешкай згадваюць сваё вяселле. Гасцей было многа, гулянне ладзілася адначасова ў яе і яго бацькоў. Маладыя пераязджалі з адной хаты ў другую, усюды ім жадалі ўзаемаразумення, кахання і паболей сыноў і дачушак. Усё збылося, вось толькі замест дзяўчынак Бог пастаянна пасылае хлопчыкаў. Наракаць на такі расклад бацькі не збіраюцца, аднолькава шчыра любяць сваіх будучых абаронцаў Айчыны, вучаць іх мужнасці і самастойнасці.
Старэйшы Дзмітрый займаецца ў гімназіі г. Лунінца, закончыў 10 класаў. Фізіка і матэматыка – навукі дакладныя, але складаныя. Толькі той зразумее свет лікаў і фізічных з’яў, хто па-сапраўднаму гэтым цікавіцца, не шкадуе часу на выкананне дамашніх заданняў, дадатковых практыкаванняў і лабараторных работ.
Максім пойдзе ў 7 клас мясцовай школы. У захапленнях ён ніяк не падобны на старэйшага брата. Больш цікавіцца спортам, асабліва футболам. Яшчэ хлопец актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, любіць спяваць, захапляецца танцамі. З тэлевізійных праграм аддае перавагу ваенным кінастужкам.
Арцёму споўнілася 10 год. Ён – першы мамін памочнік у дамашніх справах. Уборку зробіць лепш за дарослых, на кухні можа дапамагчы з прыгатаваннем ежы. Не горш разбіраецца і з мужчынскімі абавязкамі, калі з бацькам рамантуюць тэхніку – раскажа, якая запчастка дзе знаходзіцца ў машыне, які вузел для чаго служыць, і як прасцей і хутчэй прывесці ўсё да ладу.
Пашанцавала быць агульным любімцам у дарослых і братоў самаму малодшаму Уладзіку. Яму споўнілася 5 год, зараз наведвае дзіцячы садок. Цікавіцца ўсім, чым займаюцца старэйшыя хлопцы, але самы любімы занятак – футбол, на які адпраўляюцца разам з Максімам. Ігру на гітары імітуе з дапамогай падручных інструментаў, а таксама вучыцца спяваць.
Тамара Іванаўна расказвае, што ўсе дзеці розныя, з маленства выяўляюцца асаблівасці іх звычак і характару. Галоўным у выхаванні матуля лічыць асабісты прыклад: калі сам вітаешся на вуліцы з аднавяскоўцамі, кажаш “дзякуй” і “калі ласка”, то малыя ў наступны раз абавязкова паўтораць сказанае. Уступіш месца ў аўтобусе, падасі руку для дапамогі нямогламу чалавеку – і нашчадкі зробяць тое ж самае. І наадварот, ніколі не бу-дзе добрых дзяцей у тых бацькоў, якія самі грубыя, нявыхаваныя.
Не кожнаму з малодшых прадстаўнікоў сям’і Арэхва аднолькава даецца школьная навука. Адзін спраўляецца самастойна, другому неабходна нешта растлумачыць ці прасачыць за падрыхтоўкай дамашніх заданняў. Час трэба размеркаваць так, каб яго хапіла і на гаспадарчыя справы – дружна ўсе разам яны даглядаюць вялікі на-дзел з агароднінай і клубніцамі, шыкоўны кветнік. На падворку ўвагі патрабуюць куры, індыкі, свінні і дзве каровы. Нікога прымушаць не трэба, кожны ахвотна робіць тое, што неабходна ў першую чаргу.
Тамара ў юнацтве атрымала спецыяльнасць заатэхніка-селекцыянера, ды па-працаваць ім амаль не давялося. Нядоўга пабыла загадчыцай фермы, але больш часу прысвяціла выхаванню сыноў. Цяпер часова ўладкавалася нянечкай у дзіцячы сад, што вельмі радуе Уладзіка – прыемна, калі адначасова блізка каля цябе і выхавацелька, і любімая мама.
Эдуард пасля школы атрымаў пасведчанне трактарыста, прайшоў тэрміновую армейскую службу ў Слоніме. Добры адрэзак часу працаваў у Люшчы ў дрэваапрацоўчай арганізацыі. Некалькі год таму ўладкаваўся на Баранавіцкі ўчастак лесаахоўных насаджэнняў на чыгунцы. Калі хто з родных едзе ў цягніку, то пазіраючы з вокнаў вагона на дагледжаныя абочыны з прыгожымі соснамі і бярозамі, можа здагадацца, чыя ў гэта ўкла-дзена часцінка стараннасці.
Работа нялёгкая, але цікавая і разнастайная па сваёй спецыфіцы. Госці з замежжа ці іншых абласцей найперш знаёмяцца з нашай мясцовасцю на шасейных трасах і чыгуначных пуцях. Каб не было сорамна за родныя краявіды, неабходна трымаць іх у чысціні, ачышчаць ад хмызнякоў і завалаў. Працягласць у дзясяткі кіламетраў не перашкаджае спраўляцца з абавязкамі.
Дом Тамара і Эдуард узводзілі амаль сваімі сіламі. Спецыялісты дапамаглі толькі са зрубам, а ўсю тынкоўку, дзверы, падлогу і столь даводзілі да ладу ўдваіх. Што не атрымлівалася, перараблялі, на хаду ўносілі змяненні ў дызайн. Галоўным было ўсведамленне, што ствараюць для сябе – як атрымаецца, тым будуць любавацца ці пастаянна шкадаваць аб памылках. Цяпер гэта ўтульны куточак, дзе прыемна праводзіць час усёй вялікай сям’ёй.
На падворку пасаджана многа дрэў і кустоў. Некаторыя радуюць смачнымі пладамі, іншыя – дэкаратыўныя, дапасоўваюць да агульнай зялёнай панарамы. Нельга спакойна прайсці міма кветніка, дзе разрасліся рознакаляровыя ружы і лілеі. Хоць і патрабуюць яны шмат часу на догляд, але як жа без кветак? Яны ўзнімаюць настрой, дораць прыемны водар і адчуванне радасці.
Але мнагадзетная сям’я жыве не толькі клопатамі. Яны любяць збірацца за кубачкам чаю, у дружнай кампаніі адзначаць дні нара-джэння з дамашняй выпечкай. Асабліва кранаючым ён атрымліваецца ў мамы, калі ўсе мужчыны віншуюць яе, адзіную. Хто з малых падарунак рыхтуе сваімі рукамі, другі купляе нешта на памяць за сэканомленыя грошы. Ад мужа – абавязкова кветкі. Дзед Мароз прыносіць пад ёлку любімыя цацкі ці карысныя і доўгачаканыя рэчы.
Дрэва… Дом… Сын… Як мудра нехта сказаў пра абавязкі сапраўднага мужчыны ў сваім жыцці. Няхай у ім шмат клопатаў, перажыванняў і праблем, але яно мае асаблівы сэнс. Пасля яго застаецца след на зямлі ў зеляніне прыроды, моцных збудаваннях ды выхаваных і любячых нашчадках.