Гэта трэба жывым…
У доўгі ланцужок выстраіліся легкавыя машыны і аўтобусы на вуліцы Савецкая.
У суправаджэнні аўтамабіля ДАІ калона прыехала да брацкай магілы ахвяр бамбёжкі Лунінца нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў чэрвені 1941 года ў раёне РМЗ. Тут пахаваны 203 чалавекі, у іх ліку чыгуначнікі і члены іх сем’яў, мірныя жыхары, эвакуіруемыя, чырвонаармейцы. Каля помніка выступілі старшыня ветэранскай арганізацыі лакаматыўнага дэпо Іосіф Раманоўскі і кіраўнік раённага савета ветэранаў Надзея Лазіцкая. Пра герояў той страшнай вайны прыгадалі вучні СШ №4 г. Лунінца на чале з настаўніцай Юліяй Богуш.
Наступным прыпынкам стаў Курган Бессмяротнасці ў Лунінцы. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Уладзімір Жураўлёў успомніў тых, хто аддаў свае жыцці дзеля Перамогі.
Аднавіў у памяці ветэранаў хвалюючыя моманты балючы надпіс на мануменце каля чыгуначнага пераезда непадалёк ад Сінкевіч: “Тут у 1941 годзе ў баях за Радзіму загінулі 27 савецкіх воінаў…”. Вельмі кранаюча гучала гісторыя ветэрана Паўла Дабрынца аб няпростым жыцці ў той час.
Неўзабаве прыехалі ў аграгарадок Сінкевічы. Жыхары населенага пункта цёпла сустрэлі ўдзельнікаў аўтапрабегу каля помніка камсамольцам-падпольшчыкам. Вучні мясцовай школы расказалі аб героях, якія абаранялі вёску ў час баявых дзеянняў.
Дарога на Сітніцкі Двор пралягае праз маляўнічыя краявіды. Населены пункт пачынаецца помнікам, дзе 12 лістапада 1942 года расстраляны і закапаны жывымі 480 жанчын, старых і дзяцей. На ўваходзе ў невялічкі мемарыяльны комплекс позірк спыняецца на надпісе: “Пакланіся, і хай сэрца напоўніцца гарачым агнём нянавісці да фашысцкіх вылюдкаў, якія ўчынілі жудасную расправу”. Вянкі, кветкі, некалькі слоў ад прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і ветэранаў. Ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і рушылі далей…
Пабываўшы на месцы, дзе з ліпеня 1943-га па ліпень 1944-га дыслакавалася партызанская брыгада імя Кірава і Лунінецкага падпольнага райкама КП Беларусі, калона з аўтамабіляў, упрыгожаных святочнымі плакатамі, паветранымі шарамі, беларускімі флагамі і стужкамі, рушыла ў Мікашэвічы. На плошчы імя Каржа гасцей сустракалі прадстаўнікі мясцовай вертыкалі, школьнікі і жыхары горада. З прывітаннем выступіла старшыня гарвыканкама Галіна Сыцэвіч. Былыя салдаты ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам і партызанам, пасля чаго калона ўзяла курс на райцэнтр.
На зваротным шляху міжволі падумалася: “Сёння некаторыя гавораць, што трэба забыць пра вайну і жыць далей. Проста не памятаць. Усё часцей кажуць, што Другая Сусветная – мінулае, і тыя, хто прайшоў праз яе, памерлі, таму гэта зараз «не модны брэнд». Горка чуць падобнае і ўсведамляць, што маладое пакаленне можа паверыць і забыць жах, які перажылі нашы дзеды”. Думкі спыніў прыпынак каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Каб вайна не паўтаралася больш ніколі, яшчэ раз схілілі галовы перад мужнасцю землякоў, загінуўшых ў Афганістане.