«Хацець недастаткова трэба дзейнічаць»
Общество

«Хацець недастаткова трэба дзейнічаць»

гимбатоваГэтае выказванне Гётэ вельмі дапасуе да Вольгі ГІМБАТАВАЙ, якая летась сустрэла 80-гадовы юбілей.

Вольга Дзмітрыеўна неаднаразова запрашала да сябе ў госці. Прыгожы дзень нараджэння стаў цудоўнай нагодай. Увагу адразу прыцягнула вялікая колькасць рукадзельных работ: сурвэткі, дыванкі, дарожкі, пакрывалы, створаныя майстрыхай у рознай тэхніцы. Асабліва спадабаліся адмысловыя вырабы, вышытыя на чорным сукне.
– Вы – вялікая рукадзельніца! Калі толькі ўсё паспяваеце ствараць?
– А колькі яшчэ работ падорана добрым людзям! І зараз, на заслужаным адпачынку, з ахвотай працягвала б займацца любімай справай, але падводзіць зрок. Берагу яго для чытання. Наогул няма калі сумаваць, асабліва ў дачныя сезоны. Працую на дачы ў Яжаўках і на хутары на Прыпяці. Задавальненне адчуваю, адпачываючы пасля цяжкіх сельгасработ з вудаю на рацэ. З вялікай любоўю прымаю ў сябе ўнукаў. Заўважылі, колькі ў мяне канапаў? Гэта спальныя месцы для гаманлівай каманды: ёсць 8 унукаў і ўжо 2 праўнукі!
– Вольга Дзмітрыеўна, адкуль столькі аптымізму? Дзе крыніцы творчага пачатку?
– Напэўна, з дзяцінства. Родам з Магілёва. Тата закончыў Горацкую сельгасакадэмію, займаў пасаду інжынера-землеўпарадкавальніка. Мама пасля гімназіі працягнула вучобу ўжо ў савецкай школе. Вялікі ўплыў на мяне аказала бабуля па мамінай лініі, выпускніца царкоўна-прыходскай школы. Дзядуля быў свяшчэннікам, за што паплаціўся ў савецкі перыяд ганення на духавенства – яго расстралялі…
На ўсё жыццё запомніліся жахі Вялікай Айчыннай вайны: страшэнныя бамбёжкі, холад, вечнае пачуццё голаду. Бацькі сталі сувязнымі ў партызанскім атрадзе. Пасляваенны час таксама быў поўны нягод. Але мама і тата клапаціліся аб нашай адукацыі. Дзякуючы заняткам з бабуляй, я, мінуючы пачатковыя класы, адразу пайшла ў 5-ты.
Сям’я пераехала ў Баранавічы. Тут я закончыла сярэднюю школу, а ў 1952-ім – інстытут, атрымаўшы дыплом настаўніка рускай мовы і літаратуры 5-7 класаў. Першае месца работы – вёска Мурава ў Белавежскай пушчы. Колькі было энтузіязму! Якое вялікае жаданне ўдзельнічаць у будаўніцтве мірнага жыцця!
– Усе настаўнікі былі нястомнымі, як вы?
– У асноўным маладыя. Але я, напэўна, усё-такі вы-дзялялася з іх ліку. Неўзабаве прынялі ў рады кампартыі, што было рэдкай з’явай для маладых спецыялістаў-інтэлігентаў. Пасяджэнне бюро, дзе прымалі ў партыю, аказалася для мяне лёсавызначальным. Там спадабалася юнаку, накіраванаму з Украіны ў Беларусь у ліку “25-тысячнікаў” – пасланцоў для стварэння калгасаў. Гэта было каханне з першага погляду і …узаемнае. Раздумвалі нядоўга – толькі 4 дні. Пажаніліся.
– Такі кароткі тэрмін знаёмства! Не баяліся, што рашэнне можа аказацца памылковым і паспешлівым?
– Як жартаваў муж, у любую разведку са мной можна ісці смела, а ўжо на жа-ніцьбу – тым больш. Што датычыць мяне, то ўсім сэрцам адчувала надзейнасць і моц духу гэтага чалавека. І не памылілася. Заўсёды ганарылася Міхаілам. І было за што. На Лунінеччыне ён асушаў палескія балоты, са сваёй будаўнічай брыгадай узводзіў школы, клубы, дамы калгаснікаў. Самая галоўная справа – аб’яднанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак у калгасы. Гэта было неверагодна складанае і небяспечнае заданне ўрада. Адчайнае супраціўленне аказвалі бандыцкія групы. Не раз пагражалі мне і мужу, што спаляць дом, знішчаць сям’ю. Вядома, было страшна, асабліва, калі паявіліся дзеткі (спачатку дачушка Ірынка, праз год – сынок Юрка).
Спачатку Міхаіла накіравалі ў вёску Гаўрыльчыцы, якая ўваходзіла ў наш раён, потым узначаліў калгас “Чырвоны Кастрычнік” у Краснай Волі (дарэчы, быў удастоены высокай урадавай узнагароды – ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі), “Маяк камунізму” – у Кажан-Гарадку.
Страшны ўдар напаткаў нашу сям’ю ў 1977 годзе: не вытрымала сэрца мужа. І ён, ураджэнец Смаленшчыны, навекі застаўся належыць кажан-гарадоцкай зямлі: там пахаваны, яго імя носіць адна з мясцовых вуліц. Я засталася адна з трыма дзеткамі (малодшаму Міхаілу было 7 год).
Мне шанцавала ў жыцці на добрых людзей. Дзе б ні працавала, калектывы былі добразычлівымі. У 1980-ым перавялі на пасаду старшыні Лунінецкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, адкуль праз 10 год выйшла на пенсію.
– Складанасці і нягоды, што выпалі на вашу долю, загартавалі характар.
– Шчаслівае сямейнае жыццё заўсёды старалася сумясціць з педагагічнай работай і вялікай грамадскай адказнасцю. Куды б ні накіроўвалі мужа, без перапынку ў стажы выкладала ў школах рускую мову і літаратуру. А ў Краснай Волі 10 год займала пасаду дырэктара школы. І ў той жа час завочна скончыла Брэсцкі педінстытут. Заўсёды была занята агітацыйнай, лектарскай работай, выконвала заданні партыі па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва і па распаўсю-джванню аблігацый дзяржзаймаў. Захаплялася мастацкай самадзейнасцю, сама спявала ў хоры, іграла ў спектаклях і развівала творчыя здольнасці ў вучнях. Ну, і не трэба забываць, што была жонкай старшыні калгаса. Наш дом вельмі часта служыў і гасцініцай, і рэстаранам. Прыняць у сябе гасцей па службовым абавязку ўспрымалася, як звычайная рэч. Запомнілася, як пасля работы познім вечарам муж прывёў прадстаўнічага незнаёмца і аб’явіў: “Сёння ў нас у гасцях Пётр Міронавіч Машэраў!” (ён балаціраваўся ў Вярхоўны Савет БССР ад нашай акругі). Я чуць не самлела… Сама толькі вярнулася са школы: у хаце холадна, дзеці чакаюць вячэру, на стале – стос неправераных сшыткаў, у хлявах – галодная жыўнасць (мы заўсёды трымалі карову, свіней, птушку). І, як на зло, капрызнічае дачушка. На шчасце, Машэраў аказаўся выключна простым чалавекам. Ён калыхаў малышку, муж карміў жывёлін, а я рыхтавала вячэру, якая прайшла ў незабыўнай, цёплай абстаноўцы.
Цяпер, прыгадваючы той час, сама здзіўляюся, як без усялякіх бытавых выгод, маючы столькі сямейных і дзелавых абавязкаў, выдзяляючы на сон толькі 4 гадзіны, мы выжывалі ды яшчэ радаваліся кожнаму дню паўнацэннага, стваральнага жыцця. Нас натхнялі высокія ідэі і вера ў будучае.
Вольга Дзмітрыеўна не перастае здзіўляць і зараз. Суседзі захоплены яе жыццялюбствам і працаздольнасцю, імкненнем добра выглядаць. Камунікабельная, яна ў любы момант гатова прыйсці на дапамогу, даць мудрую параду. Хочацца пажадаць ёй шмат светлых дзён, поўных радасці і задавальнення.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть