Кліентам – зручныя і якасныя паслугі
«Беларусбанк» імкнецца да таго, каб быць бліжэй да сваіх пастаянных і новых кліентаў і забяспечваць ім максімальны камфорт у карыстанні банкаўскімі паслугамі. 9 красавіка на Прывакзальнай плошчы ў Лунінцы адбылося адкрыццё новага разлікова-касавага цэнтра – чацвёртага ў райцэнтры.
Як лічаць работнікі банка, назваць яго новым – не зусім правільна. Проста раней аддзяленне №119/107 размяшчалася ў памяшканні чыгуначнага вакзала, а цяпер змяніла прапіску на ўласны павільён побач з гэтым жа будынкам.
Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, вітаючы калектыў, адзначыў:
– Грошы правяць светам, і гэта – ісціна, якая не патрабуе доказу. Значыць, менавіта вы з’яўляецеся ў нейкай ступені вяршыцелямі лёсаў. Дзякуй вам за тое, што грошы “круцяцца”, працуюць, прыносяць карысць нашай краіне і кожнаму з нас. Жадаю ўсім вам удачы, росквіту і прымнажэння фінансаў.
– Наша задача – аказаць кліентам якасныя паслугі, – канстатаваў дырэктар ЦБП №119 філіяла №121 ААТ “АСБ Беларусбанк” Аляксандр Пукала. – Таму банк не стаіць на месцы. І надалей будзем забяспечваць захаванне высокіх стандартаў абслугоўвання па ўсім спектры паслуг: адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў і разлікова-касавага абслугоўвання юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў; валютна-абменныя аперацыі; прыцягненне грашовых сродкаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у дэпазіты; крэдытаванне малога бізнесу і карпаратыўных кліентаў; зарплатныя праекты і аперацыі з банкаўскімі пластыкавымі карткамі.
Па словах загадчыка сектара рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг Таццяны Кошаль, у аддзяленні будуць праводзіцца валютна-абменныя аперацыі, прыём плацяжоў ад фізічных асоб, прыём выручкі ад індывідуальных прад-прымальнікаў і юрыдычных асоб. Тут таксама можна будзе аплаціць крэдыты, ажыццявіць грашовыя пераводы “Стрыж”, аперацыі з латарэйнымі білетамі, па страхаванню, з каштоўнымі паперамі: зберагальнымі сертыфікатамі і аблігацыямі.
Хвалявалася перад пачаткам работы спецыяліст па аказанню банкаўскіх паслуг Святлана Емельяновіч, але як толькі прыступіла да сваіх абавязкаў, тут жа на твары паявілася ўсмешка, а ў дзеяннях – упэўненасць.
Сімвалічным стаў пачатак работы разлікова-касавага цэнтра: першыя кліенты – лунінчанкі Марыя Волчык і Кацярына Дударга – атрымалі невялікія сувеніры.
– Цудоўна, што павільён адкрылі менавіта на Прывакзальнай плошчы, – дзеліцца ўражаннямі Марыя Уладзіміраўна. – З’яўляюся пастаянным кліентам “Беларусбанка” ўжо шмат год. І лічу, што месца выбралі ўдала: вельмі зручна як для лунінчан, так і для гасцей горада. Няхай банкаўскім работнікам заўсёды спрыяе ўдача, паболей кліентаў і фінансавай стабільнасці.
Працаваць РКЦ будзе з 8.15 да 16.30 з перапынкам на абед з 13.00 да 14.00. Выхадныя дні – панядзелак і аўторак.
Варта спадзявацца, што работа новага аб’екта будзе спрыяць росту кліентаў, павялічыць попыт на банкаўскія паслугі і дазволіць арганізаваць работу па больш актыўнаму нарошчванню рэсурснай базы.