Общество
КРОЛЬ, БРАС І “ДЭЛЬФІН”
Жыццё сучаснага чалавека напоўнена мноствам падзей. Кожны дзень прыносіць новыя радасці, перамогі, уражанні, знаёмствы з цікавымі людзьмі. Разам з тым, даводзіцца вырашаць розныя праблемы, пераадольваць цяжкасці, прымаць правільныя рашэнні ў складаных сітуацыях. Ва ўсёй гэтай мітусні часта забываем пра сябе і сваё здароўе.
Існуе шмат спосабаў аднавіць сілы і добра адпачыць. Можна, напрыклад, штодзень рабіць пешыя прагулкі, правільна харчавацца, бываць у спартыўных залах. А ў хуткім часе лунінчане змогуць наведваць басейн «Дэльфін”, адкрыццё якога адбудзецца ў гэтым месяцы.
Водныя віды спорту маюць асаблівае значэнне. Акрамя таго, што паляпшаюць агульную фізічную форму, заняткі плаваннем спрыяюць загартоўванню арганізма і актывізуюць яго абаронныя сілы.
Зараз у басейне вядуцца апошнія падрыхтоўчыя работы. Дырэктар ДЮСШ па плаванню «Дэльфін” Аляксандр Блага-дзёраў правёў невялікую экскурсію. У вялікай чашы будаўнікі завяршаюць плітачныя работы. Яна падалася вельмі глыбокай – 2 метры 50 сантыметраў. Цалкам падрыхтавана малая чаша, дзе плануецца праводзіць заняткі з дзецьмі і па аквааэробіцы. Уразілі дзве саўны: руская і фінская. Яны – важная складаючая ў спартыўнай падрыхтоўцы.
Асабліва хачу спыніць увагу на трэнажорнай зале. Яна тут проста шыкоўная. Прадастаўлены шырокі спектр сучасных прафесійных трэнажораў. Яны падзяляюцца на групы: сілавыя і кардыятрэнажоры. Сілавыя развіваюць пэўныя групы мышц, дапамагаюць набіраць мышачную масу. Кардыятрэнажоры дапамагаюць пазбаўляцца ад лішняй вагі, павышаюць тонус і вынослівасць арганізма. Трэніроўкі спрыяюць падтрыманню добрай формы, а таксама развіццю і ўмацоўванню дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Спадзяемся, што інструктар тут будзе вопытны і зможа дапамагчы падабраць патрэбны комплекс практыкаванняў для кожнага ў індывідуальным парадку.