Кульмінацыя дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»
Галоўная ёлка краіны сабрала на свята больш за дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.
На ўрачыстасць у сталіцу ў Палац Рэспублікі запрасілі выдатнікаў, пераможцаў алім-піяд, выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. Галоўную ёлку краіны яшчэ называюць прэзідэнцкай, бо традыцыйна кожны год юных грамадзян асабіста віншуе кіраўнік дзяржавы. Тут было ўсё, што кожны з нас так любіў у дзяцінстве: карагоды з Дзедам Марозам і іншымі казачнымі героямі, смех, песні і вясёлыя конкурсы. І, безумоўна, маляўнічае прадстаўленне “Крыштальная мелодыя”, у якім дабро абавязкова перамагае злыя сілы. Нягледзячы на юны ўзрост запрошаных – ад 8 да 14 год, Аляксандр Лукашэнка звяртаўся да іх, як да дарослых. Разам з Прэзідэнтам хлопчыкі і дзяўчынкі правялі імправізаваны педсавет. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі. Пажадаў здароўя, міру і выканання самых запаветных жаданняў.
У зале прысутнічалі і лунінчане – Максім Грамадскі, Ганна Косач, Кацярына Жукоўская і Мілана Пракаповіч. Ва ўсіх засталіся самыя цёплыя ўражанні ад незабыўнай паездкі.
Ганна КОСАЧ (справа):
– З’яўляюся вучаніцай 7 “А” класа лунінецкай СШ №1. Захапляюся лёгкай атлетыкай. Сёлета неаднаразова станавілася пераможцай і прызёрам абласных спаборніцтваў. Зараз рыхтуюся да рэспубліканскага першынства. Яркія ўражанні пакінула цыркавое прадстаўленне, на якое мы трапілі ў першы дзень нашага знаходжання ў Мінску. У Палацы Рэспублікі ўпершыню так блізка бачыла Прэзідэнта краіны, які выступіў з пранік-нёнай прамовай і адрасаваў нам цёплыя віншавальныя словы. Прыемна было атрымаць салодкія падарункі і шапачку з шалікам з нацыянальным арнаментам.
Кацярына ЖУКОЎСКАЯ:
– Вучуся ў 8 “А” класе СШ №1 г. Лунінца. На прэзідэнцкую ёлку трапіла, як неаднаразовая пераможца абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў бегу на 60 метраў з бар’ерамі. Вандраванне атрымалася вельмі вясёлае, з мноствам яскравых момантаў. У цырку пашчасціла трапіць у першыя рады. Падалося, што сама з’яўляюся ўдзельніцай святочнай праграмы. Сэрца замірала ад захаплення, а іншы раз і ад страху пры выступленні акрабатаў, дрэсіраваных кенгуру і гепардаў… Сваёй прыгажосцю і памерамі ўразіў Палац Рэспублікі і ўсё, што адбывалася ў ім. Такія моманты застануцца ў памяці на ўсё жыццё. Дзякуй усім, хто дапамог патрапіць у казку, знайсці новых сяброў і адчуць гонар за нашу краіну.
Мілана ПРАКАПОВІЧ (злева):
– Прыемную навіну, што мяне ўключылі ў склад дэлегацыі на прэзідэнцкую ёлку, паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 г. Лунінца Людміла Барысаўна Якуш. Вучуся ў 7 “В” класе і захапляюся інфарматыкай. Сёлета стала прызёрам раённай алімпіяды па гэтым прадмеце сярод 9-11-класнікаў. А яшчэ прымаю актыўны ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах і вучуся ў музычнай школе. Калісьці з бацькамі была на навагоднім прадстаўленні ў Палацы Рэспублікі. Спадабалася. Спадзявалася, што і на гэты раз будуць незабыўныя ўражанні. Так яно і атрымалася. Знаёмства з равесніцамі з Пінска і Пінскага раёна, якія жылі з намі ў адным пакоі. Захапляльныя нумары цыркавога відовішча, выступленне Прэзідэнта і казка “Крыштальная мелодыя”, падарункавыя наборы – сапраўдныя сюрпрызы для мяне. Усё гэта натхняе на новыя поспехі і дасягненні!