Ласункі з прымессю радыяцыі
Сезона грыбоў і ягад чакаюць многія: адны збіраюць на продаж, другія — каб смачна пачаставаць сябе і гасцей. Але трэба памятаць, што, нягледзячы на карысць, дары лесу ўяўляюць пэўную небяспеку.
Радыеактыўныя элементы моцна накопліваюць польскія грыбы, маслякі, грузды, жоўта-бурыя махавікі, ваўнянкі і зялёнкі; крыху менш — лісічкі, баравікі, падасінавікі, падбярозавікі, сыраежкі. Сярод дзікарастучых ягад найбольшую небяспеку па цэзію-137 хаваюць журавіны, буякі (голубика), чарніцы, брусніцы; найменшую — суніцы, маліна і ажына (ежевика). Аднак пагрозу для чалавека ўяўляюць не толькі грыбы, ягады, але і мяса дзікіх жывёлін, птушак. Парадак змяншэння ступені накоплівання радыенуклідаў у арганізме выглядае наступным чынам: кабан — казуля — заяц-русак — лось. З-за міграцыі на вялікія адлегласці неабходна заўсёды правяраць мяса, здабытае ў чыстых месцах. З пачатку года на Лунінеччыне выяўлена 6 грамадзян з павялічаным утрыманнем радыенуклідаў. Усе яны — прыхільнікі ўжывання ў ежу дзічыны.
Аматарам “ціхага палявання” варта памятаць некаторыя правілы сезонных нарыхтовак. Для пачатку трэба высветліць радыяцыйную абстаноўку, патэлефанаваўшы ў мясцовы лясгас ці лясніцтва. У лесе звяртайце ўвагу на спецыяльныя паказальнікі, якія звычайна размяшчаюцца на ўездах у патэнцыяльна небяспечныя ўчасткі. Абавязкова правярайце сабраныя грыбы і ягады. Даследаванні для насельніцтва праводзяц-ца бясплатна і дастаткова хутка ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі: г. Лунінец, вул. Чырвоная, 162. Тэлефоны для даведак: 2-67-42, 264-01. Аб’ём пробы прадукцыі павінен складаць не менш як 0,5 літра.
Шаноўныя землякі! Не набывайце дары лесу на вуліцах, каля магазінаў, уздоўж аўтамабільных трас, па-за межамі рынкаў. Абавязкова патрабуйце дакумент, які пацвярджае радыяцыйную бяспеку тавараў. Памятайце, рэгулярнае ўжыванне забруджаных прадуктаў можа прывесці да абвастрэння ўсіх наяўных захворванняў.
Віталь ДЗЕГЦЯРОЎ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна