Лета, чыгунка, горад
Сонца, радасць, дабрыня… Усё гэта і многа іншае аб’яднала лунінчан у суботу і нядзелю. Яно і не дзіўна, святкавалі 565-годдзе райцэнтра і Дзень чыгуначніка. Няхай квітнее лунінецкая зямля – гэтыя словы сталі лейтматывам выхадных!
У краязнаўчым музеі разгарнулася выстава жывапісу мясцовых мастакоў “Вялікі фармат маленькага горада”. А яшчэ работнікі ўстановы культуры падрыхтавалі прэзентацыю з фотаздымкаў па сённяшнім і старым Лунінцы. Менавіта яна стала своеасаблівым пачаткам аўтатура па горадзе “Падарожжа ў мінулае, сучаснае, будучае…”, які цікава правяла галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін”, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Вайцяхоўская. Здавалася б, не такі вялікі наш Лунінец, аднак падчас паездкі ўдзельнікі ад-крылі для сябе ў ім новыя малавядомыя старонкі. Як адзначыла адна з удзельніц: “А калі ж мы яго бачылі? Спачатку адбудоўвалі, потым дзетак гадавалі… Не да гэтага было. Добра, што цяпер такая магчымасць выдалася!”.
Ад дзіцячай школы мастацтваў стартаваў велапрабег “Спадарожны вецер”. У суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ юнакі і дзяўчаты праехалі па цэнтру Лунінца да Кургана Бессмяротнасці, дзе сустрэліся з удзельнікамі аўтатура і разам усклалі вянкі і кветкі ў памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.
Каля цэнтра дзіцячай творчасці супрацоўнікі і выхаванцы гурткоў запрашалі хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама іх бацькоў на “Тэрыторыю дзяцінства”, дзе арганізавалі шмат разнастайных цікавых конкурсаў і віктарын. Дзеткі з задавальненнем чыталі, спявалі, танцавалі, а яшчэ – апладзіравалі маленькім зорачкам ЦДТ. Таксама малышы коўзаліся на надзіманых горках, скакалі на батутах, елі салодкую вату і папкорн. Дарослыя аддавалі перавагу гандлёвым кропкам райспажыўтаварыства і ОРСа з прахаладжальнымі напіткамі і шашлыкамі.
Аматары здаровага ладу жыцця
сабраліся на стадыёне, каб пабалець за зборную Лунінца ў таварыскім матчы з гасцямі з Ганцавіч, і падтрымаць тых, хто ўдзельнічаў у спартакіядзе. Лепшымі ў эстафеце сталі прадстаўнікі РФСК “Здароўе”, у дартсе – медыкі, у армрэстлінгу і гіравым спорце – работнікі ЖКГ, у фігурным ваджэнні веласіпеда і перацягванні каната – чыгуначнікі. У агульным заліку першае месца дасталася камандзе “Гудкі”, другое – ЖКГ, трэцяе – РФСК “Здароўе”. Імкненнем да перамогі вызначылася каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Спёка (слупок тэрмометраў трымаўся на адзнацы +360С) не перашкодзіла аматарам добрай песні сабрацца на плошчы Леніна, каб атрымаць асалоду ад выступлення калектываў народнай творчасці і асобных выканаўцаў. Адначасова тут жа разгарнулася выстава байк-тэхнікі, якая карысталася папулярнасцю ў прадстаўнікоў больш маладога пакалення лунінчан. У кінатэатры “Кастрычнік” прапанавалі ў чарговы раз задумацца і ўсміхнуцца над сюжэтамі з фільма “Белыя Росы”.
Вечарам актывісты БРСМ разам з жыхарамі райцэнтра малявалі горад на палатне і збіралі пажаданні Лунінцу. Жыхары хацелі б бачыць дзіцячы клуб, парк атракцыёнаў, тату-салон, скейт-пляцоўку і шмат іншага. Прыемна, што ў большасці выказванняў гучалі пажаданні росквіту, павелічэння, радасці і шчаслівага жыцця! Кампанія “Мабільныя ТэлеСістэмы” завяршыла дзень святочнай акцыяй-канцэртам.
Шэсце чыгуначнікаў і ўскладанне кветак да помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне адкрылі насычаную праграму нядзелі, якая пачалася на стадыёне “Палессе”.
– Няпроста пісалася гісторыя Лунінца. Яе старонкі ўвабралі ў сябе горыч і боль ваеннага ліхалецця, наступныя пераўтварэнні ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, – адзначыў, звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. – Гонар горада – яго жыхары. Прыемна, што наша лунінецкая зямля багата працавітымі, таленавітымі і актыўнымі людзьмі.
Звання “Ганаровы жыхар Лунінецкага раёна” ўдастоены ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, намеснік старшыні савета ветэранаў Павел Дабрынец. Пасведчанне, дыплом і памятную стужку ўручылі Васіль Агіевіч разам са старшынёй райсавета Віктарам Рафаловічам. Яны ж узнагародзілі Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі самых годных людзей Лунінца, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё горада, якасна выконваюць даведзеныя заданні і актыўна ўдзельнічаюць у жыцці працоўных калектываў.
Па выніках агляду-конкурсу лепшым падворкам прызнана домаўладанне Галіны Кудзінай, а лепшым пад’ездам – шосты ў доме №106 па вуліцы Чырвоная (старшая па дому Вольга Шэвялёва). Яны, а таксама старэйшыя жыхары горада – 96-гадовыя Аляксандр Журавель і Раіса Рацкевіч – і мнагадзетная сям’я Васіля і Людмілы Пятніца, атрымалі сертыфікаты на суму адзін мільён рублёў для набыцця тавараў у магазінах райспажыўтаварыства. Такі ж падарунак уручылі на свяце мужу і жонцы Максіму і Дар’і Бабічам, якія заключылі свой шлюб у Дзень горада.
Сімвалічна, што святочныя мерапрыемствы працягнуліся ўзнагароджваннем чыгуначнікаў. Словы віншаванняў гучалі ад начальнікаў: станцыі Лунінец – Сяргея Скібы, дыстанцыі пуці – Мікалая Шырчанкі, дэпо – Анатоля Жука. Больш за сотню работнікаў сталёвых магістраляў атрымалі ўзнагароды рознай вартасці. Маладыя спецыялісты прайшлі пасвячэнне ў прафесію, атрымалі наказ ад ганаровага чыгуначніка Іосіфа Раманоўскага і памятныя падарункі ад арганізацый.
Паказальнымі выступленнямі парадавалі выхаванцы клуба “Самурай” і духавога аркестра з Пінска. У “Горадзе майстроў” разгарнуліся выстава-продаж вырабаў народнай творчасці і майстар-класы. З цікавасцю разглядалі лунінчане і госці горада народныя касцюмы, а таксама стэнды са здымкамі журналістаў раёнкі і мясцовых фатографаў. “Літаратурны бульвар” увабраў у сябе выставу-галерэю “Час чытаць”, віктарыну “Займальная класіка”, акцыю “Кніга ў падарунак”, выставу-продаж папулярнай літаратуры і бяспройгрышную латарэю. Можна было паўдзельнічаць у літаратурнай прагулцы і вернісажы “Горад паэтычным радком”, паназіраць за мадэлямі з творчага маскарада. А на “Лунінецкім Арбаце” размясцілася выстава работ навучэнцаў мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў “Фарбы натхнення”, быў арганізаваны майстар-клас па жыва-пісу “Паэзія гарадскога пейзажу”, не было адбою ад жадаючых нанесці на твар ці цела аквагрым. У кінатэатры дэманстравалі цікавы беларускі відэафільм “Чудо-остров, или Полесские Робинзоны”, а ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў караоке-шоу.
Гарадская плошча “гучала” на ўсе лады. Спачатку сцэнай завалодала папулярная беларуская група “Тяни-Толкай”, потым артысты Палаца культуры РУВП “Граніт” з Мікашэвіч. Невялікі перапынак запоўнілі спартыўна-гульнявой праграмай “Бяжы. Скачы. Адпачывай”. А потым зноў працягнулася вялікая канцэртная праграма. Адразу пасля выступлення дзіцячых мастацкіх калектываў пачаўся гала-канцэрт вядучых калектываў і выканаўцаў горада і раёна, які працягваўся да апоўначы.
Кульмінацыяй свята стаў прыгожы святочны феерверк. Упэўнены, разам з яго выстраламі многія лунінчане загадалі жаданні, парадаваліся за мірнае неба над родным горадам, за яго прыгажосць і ўтульнасць! Са святам, дарагія лунінчане! З юбілеем, родны Лунінец!