Чытаем, адказваем, тлумачым…
Лісты ў "ЛН"Происшествия

Чытаем, адказваем, тлумачым…

ДаниловичЗ лютага 2013 года працуе абноўлены сайт “Лунінецкіх навін”. Найбольш актуальныя публікацыі, змешчаныя на старонках газеты і яе інтэрнет-версіі, не застаюцца незаўважанымі чытачамі, многія з якіх пакідаюць свае каментарыі да іх. Сёння меркаванні, якія закранаюць сферу праваахоўнай дзейнасці, “чытае і тлумачыць” в.а. начальніка РАУС Пётр ДАНІЛОВІЧ.

@ Макс. Цікава, хто сочыць за тым, на якіх умовах у нас столькі асоб каўказскай нацыянальнасці і ці няма тут парушэнняў?

– Кантроль за гэтым ускладзены на падраздзяленне па грамадзянству і міграцыі РАУС. У 2013 годзе на тэрыторыі нашага раёна было выяўлена і задакументавана больш як 70 фактаў парушэнняў Правілаў знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з якіх 34 – парушэнні, дапушчаныя асобамі каўказскай нацыянальнасці. Акрамя гэтага, сёлета трое замежных грамадзян былі дэпарціраваны, двое – высланы з краіны. Разам з тым, застаецца выказаць шкадаванне, што з боку нашага насельніцтва назіраецца абсалютная безініцыятыўнасць у справе інфармавання органаў унутраных спраў аб знаходжанні на тэрыторыі раёна замежных грамадзян з парушэннем правілаў. Цікава, чаму?

@ Ананім. Чаму міліцыі можна размаўляць па мабільніку за рулём, а звычайным вадзіцелям за гэта – штраф?!

– Згодна з часткай 4 артыкула 18.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях вадзіцелю забараняецца падчас кіравання транспартным сродкам карыстацца радыё- і тэлефоннай сувяззю (за выключэннем вадзіцеляў транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння).

@ Манюня. Слухайце, калі ў нас нарэшце паявяцца светлафоры на аварыйных перакрыжаваннях? Нават у газеце пісалі, што на з’ездзе з пуцеправода установяць светлафор. Гэта што, “развод”?

– Зацікаўленыя ведамствы ў курсе занепакоенасці грамадзян. Магчымасць абсталявання светлафора на з’ездзе з пуцеправода вывучалася камісіяй па бяспецы дарожнага руху райвыканкама. У выніку быў зменены накірунак руху галоўнай дарогі. На сённяшні дзень па прычыне тэхнічных магчымасцей названага раз’езда і сфарміраванага машынапатока устаноўка светлафора прызнана нямэтазгоднай. Разам з тым, пытанне з кантролю не знята і, магчыма, рашэнне па ім у будучым зменіцца.

@ Сяргей Васільевіч. Колькі можна падманваць вадзіцеляў, што ў нас відэафіксатары ёсць?! На самой жа справе іх няма!

– На сённяшні дзень на аўтадарогах Рэспублікі Беларусь устаноўлены прыборы фота- і відэафіксацыі парушэнняў хуткасці, працуючыя ў аўтаномным рэжыме. У бліжэйшы час плануецца ўстаноўка падобных прыбораў і на некаторых рэгіянальных дарогах краіны, у прыватнасці, на трасе М-10, якая праходзіць па тэрыторыі Лунінецкага раёна. Разам з тым, вадзіцелям няварта забываць, што супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі РАУС актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце мабільныя фота- відэафіксатары, якія дапамагаюць дакладна даказаць віну парушальніка.

@ Аляксандр. Дзе ездзіць веласіпедыстам? Спецыяльных дарожак для іх няма, некаторыя “навінчваюць” па тратуарах. Хіба гэта дапушчальна?!

– Згодна з п. 148 Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь, рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуару ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы небяспекі для пешаходаў. Пры адсутнасці указаных элементаў дарогі  ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей як 1 метр ад правага края. Пытанне абсталявання веласіпедных дарожак у Лунінцы сёння не разглядаецца.

@ Аляксей. Чаму б не адкрыць у Лунінцы ў школах з найбольшай колькасцю непаўналетніх парушальнікаў прававыя класы?

–  На тэрыторыі раёна адкрыты прававыя класы ў мікашэвіцкай СШ №2 і Бастынскай СШ. У 2012 годзе па ініцыятыве РАУС аддзелам адукацыі праведзена вывучэнне патрэбнасцей вучняў 9-х класаў школ г. Лунінца ў арганізацыі профільнага навучання. Колькасць жадаючых вучыцца на юрыдычным профілі аказалася недастатковай для стварэння класа ці групы. Наступны маніторынг запланаваны на 2014-15 навучальны год.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть