Лісты ў "ЛН"

Лепш позна, чым ніколі

вечер встречи«У пачатку лютага мы, выпускнікі Багданаўскай СШ, якія пакінулі сцены роднай навучальнай установы ў юбілейныя гады, рыхтаваліся да сустрэчы. Цудоўная традыцыя жыве паўсюдна, да сёлетняга года не была выключэннем і наша вёска. Планавалі, як правядзем гэты вечар разам з былымі аднакласнікамі, сустрэнемся з настаўнікамі, успомнім многае з мінулага… На жаль, запрашэнняў мы не дачакаліся. А ісці без іх, тэлефанаваць, патрабаваць увагі да сябе, многім не дазволілі сціпласць і тактоўнасць. Вечар быў сапсаваны, настрой — таксама…”

Такі ліст ад пакрыўджаных выпускнікоў атрымала наша рэдакцыя. У адміністрацыі Багданаўскай сярэдняй школы адказалі:

«У мінулыя разы мала хто прыходзіў на сустрэчу, не было жадаючых удзельнічаць у афіцыйнай частцы. Не было прапаноў ад юбілейных выпускаў і сёлета. Сумняваліся, што яны збяруцца. Але школа была адчынена да васьмі гадзін вечара…”

Пакоі былі пустымі, час мінуў, а горкі асадак на сэрцах — застаўся. Нельга сказаць, што аўтары пісьма моцна наракалі на арганізатараў. Яны заўважылі, што школа дагледжана, тут чыста і ўтульна. Многа кветак радуюць вока на працягу ўсяго лета. Дасягненні цяперашніх вучняў таксама вельмі значныя, што сведчыць пра зладжанасць і мэтанакіраванасць у педкалектыве.

Падумалася, як лёгка можна зруйнаваць добрае ўражанне. Толькі з-за таго, што не быў наладжаны належны кантакт арганізатараў з гасцямі, сарвалася цудоўнае мерапрыемства. Па праву гаспадароў школьнікі і настаўнікі павінны былі праявіць ініцыятыву — знайсці сваіх старэйшых сяброў і былых вучняў звычайнай паштоўкай ці тэлефонным званком. Гэта паслужыла б штуршком да дзеянняў, і тыя актыўна дапамагалі б сабрацца.

Тым больш, тут нельга спасылацца на мінулагодні вопыт — юбілейныя даты заканчэння школы сёлета адзначаюць зусім іншыя людзі, чым летась.

Новыя госці завітаюць у Багданаўскую СШ і ў наступны год. Арганізатары запэўнілі, яны вельмі шкадуюць пра “накладкі” сёлетняй сустрэчы, і надалей будуць прыкладваць больш намаганняў, каб не сапсаваць настрой сваім аднавяскоўцам. Дарэчы, запрашаюць усе сёлетнія юбілейныя выпускі адзначыць свята ў лютым 2016-га. Як кажуць, лепш позна, чым ніколі.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть