«Малюся за Прэзідэнта»
Пасля паломніцкай паездкі на Святую Зямлю Людміла Радзюк стала ў запісках за здароўе пісаць імя Аляксандр асобна з указаннем – “Прэзідэнт”.
Малая радзіма гэтай паважанай лунінчанкі – нарачанская зямля, паселішча са знакавай для Беларусі назвай Крывічы. Набыўшы адукацыю ў Пінскім мяса-малочным тэхнікуме, у 1970-ым была размеркавана ў Лунінец, дзе толькі што здалі ў эксплуатацыю новы завод масла і сухога абястлушчанага малака. Неўзабаве вытворчы майстар сустрэла сваё шчасце на стаўшым родным прадпрыемстве – выйшла замуж за слесара КІПіА. Праз некалькі год маладой сям’і прадаставілі кватэру ў ведамасным доме па вуліцы Чапаева. Тым часам Людміла Аляксандраўна закончыла курсы эканамістаў і яшчэ больш як 25 год працавала па новай спецыяльнасці на малочным заводзе, пераўтвораным у акцыянернае таварыства.
– Заўсёды вызначалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй, таму не ўяўляла, як буду жыць без работы, – усміхаецца Людміла Аляксандраўна. – Але пашчасціла выйсці на пенсію, калі літаральна насупраць нашага дома сталі будаваць храм. З радасцю далучылася да агульнаграмадскіх спраў.
Яна прыгадвае, як з суседзямі працавалі на ўзвядзенні драўлянага часовага памяшкання, як выкопвалі катлаван пад падмурак цаглянага будынка, як суправаджала каштоўны груз для храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” – 32 вялікія імянныя іконы. Па-ранейшаму разам з іншымі прыхаджанамі прыкладна раз у месяц-паўтара нясе паслушанне начнога дзяжурства. Гаворыць, што такой боскай ласкі, якая ахінае ў сваім храме, не адчувае ў самых намоленых мясцінах шматлікіх вандровак.
Падарожжамі Людміла Аляксандраўна захаплялася заўсёды. Штогод водпускі праводзіла ў санаторыях па ўсёй вялікай краіне. Апошнім часам больш сталі прыцягваць паломніцтвы. Неаднаразова наведвала святыні Беларусі, Пачаеўскую абіцель на Украіне, летась пашчасціла пабываць у Ізраілі.
– Адчуваю, што гэта – не апошняе замежнае турнэ! – жартуе суразмоўніца. – У нашай сям’і было дзевяць дзяцей. Адзін, на жаль, загінуў у вайну, але брата і семярых сясцёр бацькі выгадавалі. Я – самая малодшая. Уявіце, колькі маю пляменнікаў і пляменніц! Дзве з іх асталяваліся ў Італіі. Адна – мая хрэсніца Галіна, урач-пульманолаг, выйшла замуж аж у Бразілію. Выбірай, цётачка, куды ехаць – паўсюдна запрашаюць.
Вольны час Людмілы Аляксандраўны нельга назваць бязмежным – тры гады таму яе выбралі старшынёй савета ветэранаў ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Са шчырай прыязнасцю яна расказвае, як падтрымлівае кіраўніцтва калектыву былых работнікаў прадпрыемства ў Лунінцы і філіяла ў Лобчы, колькі цікавых спраў арганізуецца напярэдадні адметных дзяржаўных святаў.
– Наша ветэранская арганізацыя шчыра ўдзячна дырэктару, – адзначае Людміла Аляксандраўна. – Калі ж была на Святой Зямлі, многія людзі ў храмах і манастырах з павагай гаварылі аб кіраўніку Беларусі. Можна сказаць, яны падказалі нам больш уважліва ўгледзецца ў перавагі нашай краіны. А яшчэ ўсе гаварылі: маліцеся за вашага прэзідэнта. Вось і імкнемся прасіць Неба аб заступніцтве для нашай зямлі, для стваральных спраў, што выконвае кіраўніцтва дзяржавы дзеля дабрабыту народа.