Матэматыкі з адчуваннем прыгожага
Общество

Матэматыкі з адчуваннем прыгожага

уч матПасля таго шчымлівага моманту, калі бацькі пакідаюць нас за школьнай партай, даверыўшы настаўнікам не толькі маленькія далонькі, але і далейшыя клопаты па выхаванню, раптам пачынаецца наша самастойнасць. Ва ўспамінах кожнага знойдзецца многа цікавых гісторый з дзіцячых год, калі ўсё здавалася простым і зразумелым. Мы задавалі ім бясконцыя пытанні, скардзіліся на крыўдзіцеляў, чакалі пахвалы і прызнання нашых першых поспехаў. І толькі намнога пазней пачыналі разумець, якой цяжкай і адказнай з’яўляецца праца настаўніка, колькі сіл патрабуе кожны дзень…
Вольга РУДЗЬКО вядзе ў Дварэцкай сярэдняй школе ўрокі матэматыкі, мае 25 год педагагічнага стажу і ўпэўнена сцвярджае, што сваю любімую прафесію атрымала не выпадкова.
Дзяцінства прайшло ў Кажан-Гарадку. Расла ў звычайнай вясковай сям’і, дзе тата – будаўнік, а мама працавала паляводам. Іх было чацвёра малых, якім дарослыя імкнуліся даць годнае выхаванне. Без педагагічнай адукацыі, але маючы багаты жыццёвы вопыт і разумеючы галоўныя каштоўнасці, яны прывівалі дзецям самыя неабходныя ўрокі адказнасці да асабістых абавязкаў. У доме было прынята да бацькоў звяртацца на “вы”. Крыху нязвыкла, але гэта яшчэ больш дадавала павагі і гонару за свае паводзіны. А стымулам заўсёды заставалася праца, якая давала магчымасць дабівацца поспехаў самастойнасцю і адказнасцю. Зімой і летам простыя хатнія абавязкі былі падзелены паміж сабой, і кожны імкнуўся выканаць іх своечасова і акуратна, каб не было сорамна перад роднымі.
Дзяўчынка яшчэ з пятага класа вырашыла стаць настаўніцай. Вагалася толькі паміж фізкультурай і матэматыкай, бо аднолькава любіла кожны з гэтых прадметаў. І тут з выбарам дапамагла любімы педагог Антаніна Іванаўна Мірановіч, якая параіла пайсці ў дакладную навуку. Да гэтага часу засталася ў сэрцы ўдзячнасць за добрую параду, бо ніколі потым дзяўчына не пашкадавала аб выбранай прафесіі.
Брэсцкі педінстытут сустрэў прыязна, нават з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у эксперыменце – пры здачы на выдатныя адзнакі двух першых экзаменаў будучыя студэнты вызваляліся ад двух апошніх. Вольга паспрабавала, атрымала дзве “пяцёркі” і датэрмінова вярнулася дадому. Родныя сустрэлі з сумам у вачах, вырашыўшы, што дзяўчына рана прыехала, бо ўсё “праваліла”. Але наадварот, брату нават давялося раскашэліцца на дзве вялікія шакаладкі “Аўрора”, бо ён прайграў у спрэчцы, не верыўшы, што яна паступіць. Здавалася б, зусім нязначныя ўспаміны, а як прыемна цяпер вяртацца думкамі ў тыя дні…
Студэнцкі час прамільгнуў светлай адзінай старонкай юнацтва, і вось – жаданы дыплом. Свае першыя самастойныя ўрокі Вольга давала ў Дзятлавічах у 1989-ым. А праз год прыступіла да работы ў Дварцы, дзе і па сённяшні дзень вучыць дзяцей і падлеткаў вялікай сіле лічбаў.
Не ўсім вучням матэматыка, а разам з ёй алгебра і геаметрыя, даюцца лёгка. Але той, хто здолее адчыніць дзверы ў гэтую сур’ёзную навуку – палюбіць яе па-са-праўднаму. Дабівацца гэтага няпроста, але калі юныя выхаванцы займаюць прызавыя месцы на алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню – у настаўніцы гонарам поўніцца сэрца. Вольга Іосіфаўна з цеплынёй згадвае мінулагоднія дасягненні Фёдара Яраховіча і Андрэя Ванюка, якія сваімі стараннямі праславілі іх вясковую школу.
Вопытны позірк на пяцікласнікаў, некалькі пытанняў па тэме, і адразу бачна, якое месца ў дзіцячых сэрцах займае прадмет, ці ёсць жаданне авалодаць няпростымі ведамі. Нельга патрабаваць аднолькава ад усіх. Больш моцным варта даць выканаць дадатковыя заданні, слабейшым растлумачыць яшчэ раз. Такі метад работы дае магчымасць раскрыцца кожнаму з вучняў.
У школьным асяроддзі Вольгу Іосіфаўну лічаць строгай і патрабавальнай. Але ў той жа час дзеці яе паважаюць. Цёплыя адносіны склаліся і ў калектыве. Дарэчы, муж – Віктар Міхайлавіч Акішаў – таксама матэматык у гэтай жа школе са стажам работы больш як 30 год.
Ступаючы на ганак дома, дзе жывуць два ўладары школьных задач і ўраўненняў не думалася, што траплю ў царства кветак і чысціні. Нават спачатку больш падалося, што тут жывуць біёлагі. Разнастайныя, нават экзатычныя насаджэнні на вуліцы, і поўны пакой хатніх раслін у доме.
– Матэматыкі таксама любяць прыгожае, – усміхнулася Вольга Іосіфаўна. – А яшчэ мы захапляемся рыбалкай на Прыпяці. Асабліва прыемна лавіць шчупака. Ды і агарод упарадкоў-ваем з радасцю – гэта наш адпачынак ад шуму і мітусні на рабоце.
Па слядах маці пайшла дачка Таццяна. Яна настаўніца пачатковых класаў у Ракітна і ўжо стварыла сваю сям’ю. Другая дачка Ніна таксама працуе з лічбамі – эканаміст у СВК “Прыясельдны” Іванаўскага раёна.
Ціхая размова за кубачкам чаю пра святы і будні ў жыцці маёй гераіні. Часам у ім здараліся цяжкасці, непрыемнасці і выпрабаванні. Яна з сумам дзялілася аб самым набалелым, потым усміхалася ад згадак пра светлае. А цяпер жанчына ўпэўнена глядзіць удалячынь – любімая работа дае цудоўны стымул для радасці. Дасягнутыя поспехі – толькі некаторыя з прыступак на лесвіцы да творчага пошуку і самаўдасканалення.
Восень звычайна лічыцца парой збору ўраджаю. У школьнай сістэме – наадварот, гэта час, калі насенне ведаў толькі сеецца, каб вясной падлічыць атрыманыя дасягненні і плады сваёй працы. Экзамены і тэсціраванне вучняў пакажуць, якім быў навучальны год, ці не здарыліся пралікі ў адпрацаванай сістэме. Дзеля станоўчага выніку немагчыма даваць слабіну ні сабе, ні вучням. Бо ў дакладных навуках ад адной маленечкай памылкі зменіцца рэзультат і знішчацца ўсе старанні і памкненні.
Чамусьці настаўнікаў заўсёды лёгка разлічыць у натоўпе. Яны пунктуальныя, бо званок заўсёды кліча прыступаць да абавязкаў своечасова. Інтэлігентныя – бо штодзённа паўстаюць перад класам з цікаўнай моладзі, якая бярэ з іх прыклад у мове, паводзінах і рухах. Яны – з добрым позіркам – іначай немагчыма знайсці сцяжынку да юных сэрцаў. Толькі давер і адданасць дапамогуць ва ўзаемаразуменні, без якога не засвояцца ніякія веды. Тым больш, такія дакладныя, як матэматыка.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть