Акт вандалізму на Храмавай
На мінулым тыдні ў ноч з серады на чацвер невядомыя варвары зламалі маладыя дрэўцы на алеі каля царквы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” у Лунінцы.
– Каля 6 гадзін раніцы мне патэлефанавала прыбіральшчык тэрыторыі па вуліцы Храмавая і паведаміла аб здарэнні, – расказвае начальнік участка добраўпарадкавання ЖКГ Сяргей Самусевіч. – Прыехаўшы на месца, выявілі, што зламана 17 ліпак.
– Аператыўна ўключыліся ў работу, каб па гарачых слядах знайсці вінаватых гэтага злачынства, – расказвае старшы следчы раённага Следчага камітэта Аляксандр Завадскі. – Хутка супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі “нітачку”, якая прывяла да інтэрната сельскагаспадарчага каледжа. Аказалася, што варварскі ўчынак – справа рук трох навучэнцаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення і таму сваіх дзеянняў растлумачыць не могуць. З імі быў і чацвёрты юнак, але ён наадварот спрабаваў спыніць сяброў. Толькі яго ніхто не пачуў. Пакаранне вандалам вынясе суд. Згодна з Крымінальным кодэксам за такое злачынства прадугледжана да 6 год пазбаўлення волі.