Каля вады адпачывайце — цмецце там не пакідайце!
Прырода адорвае нас прыгажосцю: прахалодай рэк і азёр, зелянінай лугоў, прыемным водараў палявых кветак, веліччу лясоў… Але часта людзі забываюць пра ўдзячнасць і культуру ў адказ.
Выйсцем і выратаваннем у такіх выпадках з’яўляюцца дабрачынныя акцыі, накшталт той, якая праводзіцца ў нашым раёне. Падчас “Чыстага берагу” актывісты пярвічкі “Белая Русь” станцыі Лунінец разам з прадстаўнікамі дыстанцыі пуці, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і АУС на транспарце, навучэнцамі сельгаскаледжа наводзілі чысціню на тэрыторыі ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць”.
Юнакі і дзяўчаты прыбралі берагавую лінію ракі. Усе адзначылі, што смецця было не вельмі шмат. Знаходзілі ў асноўным пластыкавы посуд, пакеты з-пад чыпсаў, пачкі з-пад цыгарэт і, вядома ж, бутэлькі ўсіх магчымых формаў і колераў.
— На жаль, смецце пасля сябе пакідаюць адпачываючыя, — расказаў начальнік станцыі Сяргей Скіба. — Вельмі крыўдна, што самі ж забруджваем і не цэнім такое хараство. Работа пайшла на карысць, у першую чаргу, самім удзельнікам акцыі, якія правялі дзень на ўлонні прыроды, падыхалі свежым паветрам, адчулі сваю патрэбнасць і значнасць. Ніколі нельга забываць пра тое, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.
Марына АРЭШКА