Новая кропка адліку
пачалася для выпускнікоў раёна 31 мая. У гэты дзень на ўрачыстых лінейках прагучаў апошні школьны званок.
З асаблівым хваляваннем слухалі яго 683 адзінаццацікласнікі. Для іх пачынаецца надзвычай адказная пара – выпускныя экзамены і тэсціраванне. Трэба спадзявацца, што годна пацвердзяць свае веды і дасягненні 16 юнакоў і дзяўчат, якія прэтэндуюць на залатыя і сярэбраныя медалі.
Адна з іх – Аляксандра Хорашава – заканчвае СШ №2 г. Лунінца. Разам з равеснікамі (а сёлета ў школе тры выпускныя класы, у якіх тонкасці навук спасцігалі 52 вучні) слухала яна наказ на дарогу дырэктара СШ №2 Віталя Барысевіча, бацькоў і настаўнікаў.
Урачыстая лінейка была традыцыйнай па сцэнарыю і наўрад ці адрознівалася ад падобных мерапрыемстваў у іншых навучальных установах. Але была ў ёй уласцівая толькі СШ №2 – самай вялікай школе раёна – рознапланавасць, імкненне ўспомніць кожнага з настаўнікаў, не шкадуючы для іх удзячных слоў.
Не саступаючы вучням, вершаваным радком звярнуліся да выхаванцаў класныя кіраўнікі Аляксандр Хаўдзееў (на здымку з першакласнікамі і выпускнікамі), Тамара Баран і Іна Койка. Ад імя раённага выканаўчага камітэта выпускнікоў, іх бацькоў, настаўнікаў павіншавала галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская.
І няхай ад хвалявання не заўсёды дасканала гучалі песні, а вядучыя 9-класнік Іван Марко і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Барысевіч артыстычна нівеліравалі ледзь прыкметныя промахі, у зале панавала шчымліва-радасная атмасфера, характэрная для святаў падобнага кшталту. Яна, вядома ж, пакіне свой след у душах тых, хто стаіць на парозе вялікага жыцця.