Студатрады: вопыт,  практыка, заробак
Молодежь

Студатрады: вопыт,  практыка, заробак

Ужо некалькі год запар у краіне актыўна дзейнічаюць студэнцкія або працоўныя атрады. Тым, хто нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, падобная практыка добра знаёма, а сённяшняя моладзь з задавальненнем працягвае традыцыі бацькоў.

Гэтым летам на Лунінеччыне працаўладкавалі каля 100 маладых людзей. Раённы штаб цесна супрацоўнічае з Лунінецкай і Мікашэвіцкай ЖКГ, ААТ “Палессеэлектрамаш”, фермерскай гаспадаркай “Юліян”, шэрагам сель-скагаспадарчых арганізацый.

 

«Зараблю на веласіпед і на марожанае для дзяўчат…»

Першыя жадаючыя паўдзельнічаць у студатрадаўскім руху знайшліся ў Палескім. Іх уладкавалі на доследную станцыю меліярацыйнага земляробства і лугаводства.  Зарабіць грошы вырашыў і 9-класнік Аляксандр Паўлюкевіч (трэці справа):

– У школе прапанавалі падзарабіць летам. Бацькі  жаданне пад-трымалі, тым больш гэта дапаможа хутчэй ажыццявіць маю мару: купіць веласіпед. Ды і ўвогуле, свае карманныя грошы лішнімі не бываюць. Глядзіш, і на марожанае для дзяўчат застанецца. 

Навучэнцы дапамагаюць ва ўборцы складоў, падрыхтоўцы іх да прыёму ўраджаю, прасушцы насення траў. Працуюць юнакі і дзяўчаты ў дзве змены. Узрост у асноўным складае ад 16 да 18 гадоў.  Студатрады – добрая прафесійная школа: вопыт, набыты на практыцы ў маладосці, застанецца назаўсёды.

– Пачалася і самая гарачая кампанія –  жніво, дзе таксама патрэбны рукі маладых, – кажа  інжынер па ахове працы Палескай станцыі Ганна Ефімава. – Спадзяюся, што наша моладзь гучней заявіць аб сабе новымі працоўнымі справамі.

 

«Агароджа вакол дома будзе дакладна…»

Не баяцца цяжкасцей і юнакі са студэнцкага атрада імя А.В. Петрушэўскага, які селёта арганізавалі ў КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ”. Тым больш, што для навучэнцаў мясцовага сельскагаспадарчага каледжа такая падпрацоўка стала  добрай практыкай, бо зусім хутка яны стануць сапраўднымі спецыялістамі, а дадатковы вопыт работы ніколі не лішні.

– Летам працую ў студэнцкім атрадзе не першы год. Гэта выдатая магчымасць не толькі самастойна зарабіць грошы, але і навучыцца пра-вільна іх траціць. Спачатку прыбіралі смецце і акультурвалі тэрыторыю на старых могілках, пасля рабілі агаро-джы, якія зусім хутка ўпрыгожаць вуліцы, – дзеліцца Улад Паўлюкавец (справа). – Кажуць, што для мужчыны галоўнае ў жыцці – пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына. Не ведаю, як дом, аднак агароджу вакол яго сам зрабіць змагу. 

– Хлопцы – малайцы, працавалі старанна. Іх дапамога аказалася вельмі дарэчы напярэдадні Дня горада. Спачатку хваляваліся, ці справімся. “Байцы” ж няпростыя падабраліся, усе на ўліку ў ІСН стаяць, – уступае ў размову начальнік участка добраўпарадкавання ЖКГ Сяргей Самусевіч. – Аднак разам у нас атрымалася выдатная каманда.

– Зараз попыт на працу значна перавышае прапанову – жадаючых зарабіць свае грошы з кожным годам становіцца ўсё больш, таму ў першую чаргу дапамагаем тым, хто з’яўляецца членам нашай арганізацыі і навучэнцам, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Ігар Гаргун. – Спадзяюся, што ў наступным годзе больш арганізацый і прадпрыемстваў возьмуць сабе нашых “байцоў”. І задаволенымі  застануцца ўсе: моладзь і прымаючы бок.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть