Сур’ёзны транспарт
Дзяржаўтаінспекцыя правяла конкурс загадак і спаборніцтвы па фігурным ваджэнні веласіпеда сярод адпачывальнікаў дзіцячага летняга аздараўленчага лагера «Спадарожнік».
У ходзе выпрабаванняў хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае веды і майстэрства. Кожны імкнуўся стаць лепшым. У фігурным ваджэнні веласіпеда самым хуткім і віртуёзным стаў Антон Насеня з Вялікачучавіцкай СШ. Другі вынік паказаў Уладзіслаў Танковіч, трэці – Яўген Таболіч.
Пераможцы і прызёры адзначаны прызамі. Адміністрацыя лагера зрабіла ўсё магчымае, каб мерапрыемства прайшло на высокім узроўні.
– Перш чым увасобіць мару дзіцяці ў рэальнасць і набыць веласіпед, бацькам варта звярнуць увагу на раён пражывання і пераканацца ў наяўнасці бяспечных месцаў – веласіпедных дарожак, стадыёна, парку або школьнага двара, – адзначыў начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Канапацкі. – Трэба ўлічыць, што ў любы момант сын ці дачка можа выехаць са свайго двара і накіравацца да сябра. Пры змяненні дарожнай абстаноўкі, калі няма навыкаў ваджэння, дзіця можа разгубіцца, пачаць панікаваць і дзейнічаць неадэкватна. Не забывайце аб велашлемах, а таксама іншых сродках абароны, якія могуць змякчыць удар пры сутыкненні або падзенні.