Уклад у будучыню
У рамках правядзення Тыдня фінансавай адукаванасці дзяцей і моладзі, супрацоўнікі РКЦ №18 у г. Лунінцы філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» правялі адкрыты ўрок для вучняў 9-11 класаў СШ №1 у райцэнтры.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з банкаўскімі ўкладамі, крэдытамі, грашовымі пераводамі. Старшакласнікі даведаліся пра перавагі выкарыстання банкаўскіх плацёжных картак і ўстройстваў дыстанцыйнага абслугоўвання кліентаў. Падлеткам расказалі пра магчымасць аформіць дзіцячую банкаўскую картку. Прыемна, што на многія пытанні гасцей дзеці давалі правільныя адказы.
— Заняткі праводзяцца, каб дапамагчы маладым людзям вывучыць правілы фінансавых паводзін, — лічыць спецыяліст па рабоце з кліентамі Таццяна Балотнева. — Падчас іх школьнікі даведваюцца, як зарабіць і зберагчы грошы, як навучыцца прымаць правільныя фінансавыя рашэнні.
Рознічнымі прадуктамі ААТ «Белаграпрамбанк» зацікавіліся і настаўнікі. Усе жадаючыя атрымалі кансультацыі і рэкламныя матэрыялы.