«Вясковы доктар»
Так называюць загадчыка Міжлескага ФАПа Аляксея БУСЬКО яго землякі. На гэтай пасадзе кваліфікаваны спецыяліст працуе са жніўня 2009 года.
Сваю будучую прафесію ўраджэнец Купаўцоў набыў у Брэсцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы.
Акрамя гэтага, мае дыплом экалагічнага ўніверсітэта імя Андрэя Саха-рава. На ўчастку, які абслугоўвае Аляксей Віктаравіч, — каля 900 жыхароў Міжлесся. Яны могуць прыйсці на ФАП самастойна, ці выклікаць фельчара на дом. Бывала, што і ноччу да яго спяшаюцца за дапамогай. Наладжаны прыём спецыялістаў: двойчы ў тыдзень — акушэркі, адзін раз — лабаранта і ўрачоў Краснавольскай участковай бальніцы.
У асабістым жыцці таксама ўсё складваецца добра. Жонка Анастасія Васільеўна працуе сацыяльным педагогам у школе ў суседняй вёсцы, атрымлівае завочную адукацыю. Сыны Ягор і Глеб наведваюць дзіцячы сад. Як толькі мама адпраўляецца здаваць сесіі, мужчыны з нецярпеннем чакаюць яе дома.
Наталля ГРУДЗЬКО.