Молодежь

ЮНАЦТВА НЕ ВЕДАЕ МЕЖАЎ!

Лунінеччына адзначыла Дзень моладзі.
Па традыцыі ў райцэнтры месцам мерапрыемства выбралі пляцоўку каля Лядовай арэны. Пачалося свята з цікавай навінкі гэтага году – конкурса «АўтаЛэдзі-2017». У першым этапе дзяўчаты паказалі сваё майстэрства ў ваджэнні, у другім – тэарытычныя веды. Маляўнічай стала прэзентацыя аўтамабіляў: хтосьці рабіў стаўку на гумар, іншыя дэкламавалі вершы. Асаблівую ўвагу прыцягвала дэкаратыўнае афармленне транспартных сродкаў. У выніку няпростай барацьбы ганаровага звання ўдастоена Ганна Яцушкевіч, другое месца прысуджана Надзеі Давыдчык, а трэцяе заняла Сняжана Гопта. Падзякай за ўдзел адзначана Марына Грушэўская.
Валанцёры з раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа запрашалі сыграць бяспройгрышную латарэю, малявалі для жадаючых аквагрым і стваралі фігуры з паветраных шароў. Актывісты валанцёрскага руху райкама БРСМ «Добрае сэрца» разгарнулі маштабную дзейнасць па зборы прысмакаў і цацак для дзяцей з сацыяльнага прытулку. Прыхільнікі здаровага ладу жыцця ўдзельнічалі ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах. Тым часам са сцэны творчымі нумарамі радавалі юныя таленты Лунінеччыны. Хвалючым момантам стала цырымонія ўзнагароджвання маладых перадавікоў вытворчасці. Свае віншаванні ім, а таксама ўсім сабраўшымся адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч. За актыўны ўдзел у мерапрыемствах, творчую ініцыятыву граматамі і падарункамі адзначаны шэраг актывістаў грамадскага аб’яднання «БРСМ» і арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага крыжа.
На працягу вечара працавалі забаўляльныя атракцыёны, гандаль. Святочнае мерапрыемства – добры падарунак не толькі для маладых людзей, але і для ўсіх, хто не старэе душой. Доказам стала дыскатэка па адкрытым небам, якая, здавалася, аб’яднала адразу некалькі пакаленняў у адно.

Наталля АРАШКЕВІЧ. Фота аўтара.
Падрабязны фотарэпартаж з Дня моладзі ў сацыяльных групах «Вконтакте» і «Одноклассники».

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть