На канікулы – з футбольным мячом
Общество

На канікулы – з футбольным мячом

футмячДзякуючы акцыі «Падары дзіцяці футбольны мяч», першакласнікі больш як 2 тысяч вясковых школ атрымалі прыемныя падарункі на заканчэнне навучальнага года. У іх ліку і 326 хлопчыкаў і дзяўчынак Лунінеччыны. Дадзены праект праводзіцца трэці год запар і арганізаваны Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і ААТ «Белаграпрамбанк».
Напярэдадні летніх канікул у рамках акцыі, якая праводзілася на ўрачыстых лінейках, першакласнікам ўсіх вясковых школ і аграгарадкоў ўручаны футбольныя мячы. Гэтыя падарункі будуць спрыяць арганізацыі вольнага часу дзяцей, згуртаваннасці і выхаванню каманднага духу, фарміраванню пачатковых спартыўных навыкаў і ўмацаванню здароўя. Як паказвае сусветны вопыт, менавіта юнакі з правінцыі, дзякуючы сваёй настойлівасці і працавітасці, часцей за ўсё ператвараюцца ў «зорак» першай велічыні.
Ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння футбольных мячоў, якая адбылася ў Палескай СШ, прынялі ўдзел начальнік аддзела рознічнага бізнесу ААТ «Белаграпрамбанк» Надзея Максімовіч, метадыст раа Таццяна Дубініч, намеснік дырэктара Палескай станцыі па навуковай рабоце Мікалай Аўраменка.
Наперадзе – школьныя канікулы. Як адзначыла Надзея Максімовіч, атрыманыя ў рамках акцыі мячы дапамогуць дзецям зрабіць іх летні вольны час насычаным і спартыўным. А тых, каго па-сапраўднаму прыцягне гэтая цікавая гульня – у новым навучальным годзе чакаюць спартыўныя гурткі, секцыі па футболе, якія штогод арганізуюцца ва ўстановах адукацыі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.
Дырэктар школы Мікалай Аляксееў таксама парадаваўся за першаклашак, іх у гэтым годзе 19. Ён упэўнены, што ў хуткім часе многія хлопчыкі і дзяўчынкі будуць годна прадстаўляць школу на спаборніцтвах рознага ўзроўню. А спартсменаў тут заўсёды падтрымліваюць і заахвочваюць. Пра гэта сведчылі ўзнагароды за дасягненні ў спорце, якія атрымалі на лінейцы каля 20 самых актыўных вучняў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть