На шляху да храма

Калі свет пачуе званы міру?

памятникУ Дзень Перамогі Сінкевічы прымалі гасцей з навакольных паселішчаў, а таксама прадстаўнікоў духоўнай дынастыі Валашчукоў з Полацкай і Тураўскай епархій і з Украіны.
У велікодную ноч красавіка 1944-га, калі званы Свята-Пакроў-скага храма в. Мокрава абвяшчалі наваколлю радасць Уваскрэсення Хрыстова, фашысты схапілі настаяцеля Епіфанія Валашчука (1909-1944), абвінаваціўшы ў сувязі з партызанамі. Над ім люта здзекаваліся: клалі паміж дошак і білі, каб не пакінуць слядоў знешне і загубіць усё жывое ўнутры. Свя-шчэннік вытрымаў усе пакуты і, няскораны, загінуў. Акупанты выкінулі яго цела за агароджу лагера. Але прыхаджане паклапаціліся аб ахвяры фашызму. Духоўнага пастыра пахавалі па-хрысціянску, паставіўшы над магілай драўляны крыж, пазней заменены на металічны…
Па ініцыятыве Аляксандра Валашчука з Роўна і пры падтрымцы іншых сваякоў свяшчэнніка, закатаванага фашыстамі, летась на магіле ўстаноўлены чорны мармуровы крыж. Сёлета Аляксандр Анатольевіч высыпаў на месца пахавання дзядзькі жменю ўкраінскай зямлі з магілы сваёй бабулі – маці а. Епіфанія.
Ва ўрачыстай цырымоніі на могілках акрамя свяшчэннаслужыцеляў прынялі ўдзел шматлікія жыхары Сінкевіч. Кветкі і вянкі да помніка ўсклалі старшыня сельвыканкама Галіна Стахаевіч і дырэктар мясцовай СШ Уладзімір Калянковіч, кіраўнік Лунінецка-Ганцавіцкай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька, многія школьнікі і вяскоўцы. З Лу-нінца прыехаў ветэран праваахоўных органаў Аляксандр Буневіч. Ён і былы педагог Валянціна Яначкіна спрыялі пошукам сведкаў і звестак пра велікодную трагедыю 1944-га. На жаль, год таму ў Мікашэвічах завяршыла зямны шлях Марыя Башкевіч. Яе бацька Іван Шкут, царкоўны стараста, быў сувязным партызан, як і сын Пётр. Ён прыняў пакутніцкую смерць разам са свяшчэннікам. Цела не было знойдзена, але прозвішча юнака-патрыёта ўвекавечана на помніку загінуўшым землякам у Сінкевічах…
Надпіс на надмагільным помніку а. Епіфанія зроблены на беларускай мове, а вось прозвішча ўказана – “Волощук”. Не магла не спытаць: чаму?
– Так гучыць яно па-украінску, – растлумачыў Аляксандр Анатольевіч.
Але так прозвішча чытаецца і па-руску. І няхай будзе больш рэчаў і падзей, згуртоўваючых народы! Як біблейскі надпіс на помніку: “Нет больше той любви, как если кто положит душу за други своя”. Як Дзень Перамогі – для ўсіх нас агульны…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть