Сустрэча красавіка
злучыла дзве падзеі – традыцыйны дзень анёла і ўшанаванне прадстаўнікоў старэйшага пакалення, на лёс якіх прыпала шмат пакут.
Каля Кургана Бессмяротнасці “дзеці вайны” хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх загінуўшых на франтах ці закатаваных у час фашысцкай акупацыі. Потым удзельнікаў праекта “Актыўнае цяперашняе пажылых людзей” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва чакаў інфармацыйна-асветніцкі цэнтр храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Настаяцель Сергій Крышталь звярнуўся да гасцей са шчырымі словамі спагады і духоўнай падтрымкі, падарыў іконкі.
Прыгожыя і даволі рэдкія цяпер грэчаскія імёны – Лідзія (што азначае “культурная”), Ала (“вытанчаная”), Ларыса (“чайка”) – носяць сучасніцы ў памяць пра святых пакутніц, якія пацярпелі ў ІІ (першая) і IV (дзве іншыя) стагоддзях. Дзень памяці іх адзначаецца 5 і 8 красавіка. Вітанні прымалі віноўніцы ўрачыстасці, адначасова расказваючы, які след пакінула вайна ў іх душах.
82-гадовая лунінчанка Лідзія Захараўна Чарнавокая прыгадала роднага брата – загінуўшы 15 красавіка 1945 года ў Германіі сапёр Канстанцін Захаравіч Чарнавокі навечна застаўся маладым… Адна з каардынатараў праекта, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Лідзія Станіславаўна Чыжакова паведаміла, што яе дзядуля трапіў у нямецкі палон, шмат выцярпеў і ў мірны час. Каб не вярэдзіць балючыя раны роднаму чалавеку, у сям’і было пакладзена “табу” на ўспаміны. Яна рада, што па роду службы дапамагае тым, хто перажыў ваеннае ліхалецце… Ала Леанідаўна Крыльчук нарадзілася пасля вайны. На акупіраванай Магілёўшчыне загінула бабуля па маме. Тата-масквіч страціў і маці, і бацьку. Дадаў сабе год і стаў у строй дзеючай арміі. З Дняпроўска-Пінскай флатыліяй вызваляў Беларусь, якая стала другой радзімай. Працуючы сацыяльным работнікам, яго дачка вучыцца мудрасці ў сваіх падапечных, сярод якіх – былыя франтавікі і партызаны… Вязнем фашызму была 96-гадовая Ларыса Еўдакімаўна Рацкевіч. Яна не прысутнічала на сустрэчы, але напярэдадні запрасіла дамоў а. Сергія, які павіншаваў з днём анёла, спаведаў і прычасціў… 82-гадовая Ларыса Канстанцінаўна Трыфанава з горыччу адзначыла, што з іх вёскі ў Ніжагародскай вобласці па два-тры мужчыны з кожнага дома загінулі на фронце, як і муж яе старэйшай сястры, які пахаваны ў Гомелі. Сама яна працавала ў Групе савецкіх войск у Германіі, дзе сустрэла каханне. Калі мужа-афіцэра перавялі ў Лунінец, разам з ім служыла ў вай-сковай часці…
У гонар імянінніц гучалі малітоўныя песні з просьбай да Багародзіцы аб літасці ўсім жывучым. Салісткай была 80-гадовая Софія Рыгораўна Псёл, а прыпеў падтрымалі ўсе прысутныя. Яны таксама падзяліліся ўспамінамі аб выпрабаваннях лёсу на сваіх жыццёвых сцяжынках… Растрывожаныя сэрцы крыху суцешыў дакументальны фільм аб Гродзенскім жаночым манастыры ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Удзельнікі сустрэчы разыходзіліся са спадзяваннямі, што насельніцы абіцелі над Нёманам, якія моляцца за ўсіх добрых людзей, выпрасяць мір для неспакойнай зямлі…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
Фота аўтара.