Тры святыні
Лунінчанкі, што служаць у новым храме, расказалі, што на падножжы помніка-крыжа, устаноўленага каля Кургана Бессмяротнасці, хтосьці паставіў невялікую іконку. Людзі ўбачылі яе і прынеслі ў царкву. Сапраўды, ікона – не пластыкавыя лампадкі, якія могуць вытрымаць любое надвор’е. Нават немастацтвазнаўцу бачна, што ікона – старажытная, пісаная на дрэве, якое ад часу раскалолася, але фарбы дастаткова яркія і прыгожыя.
Хто мог пакінуць ікону ў мемарыяльным месцы? Родныя загінуўшых, якія знайшлі тут апошні спакой? Хтосьці пабочны? Людзі не абцяжарвалі сябе гэтымі думкамі, але мелі рацыю, што аднеслі яе ў храм, дзе абраз будзе захаваны.
Ад іканапісца, якому іншы раз даводзіцца рэстаўраваць старажытныя святыні, пачуў аналагічную гісторыю:
– Аднойчы да мяне звярнуўся бацюшка. Прыхаджане перадалі яму дзве вялікія іконы, якія знайшлі на гарышчы пры рамонце дома на адным з мясцовых хутароў. Мяркуючы па напісанню асобных дэталяў, адна з іх была каталіцкая, другая – праваслаўная. Апошняя стваралася, хутчэй за ўсё, у перыяд уніяцтва, таму што адлюстроўвала змешаны стыль. Працаваў над ёй доўга, перыядычна рабіў пэўныя захады, а займаўся выключна іконай – два поўныя тыдні. Яна была вельмі пашкоджаная часам і неналежнымі ўмовамі захоўвання. Калі ж сфатаграфаваў першапачатковы выгляд, на здымку быццам праявілася тое, чаго не заўважыла вока. Бачу сваю задачу не ў тым, каб навесці глянец на рарытэт, а каб максімальна захаваць напісанае. Ачысціў, адмыў ад землянога паху, высушыў, зняў пласт лаку; кожную ямінку загрунтаваў і праклеіў, у тым ліку вялікую трэшчыну ўздоўж абраза; дадаў тых фарбаў, што зніклі. Калі ж адрэстаўраваную ікону паставілі ў ківот, выраблены выдатным майстрам, рука сама пацягнулася перахрысціцца. Гэты тып абраза Божай Маці называецца “Умиление”. Цікава, што яшчэ ні на адной іконе, акрамя гэтай, не бачыў райскіх яблычак… Цяпер святыня пачатку ХІХ стагоддзя заняла ганаровае месца ў адной з цэркваў нашага раёна.
Святыя іконы заказваюцца для храмаў, але ствараюцца – для людзей. Да ікон звяртаюцца ў цяжкія хвіліны, просяць аб дапамозе – і атрымліваюць яе. Зразумела, хацелася б, каб мясцовыя святыні спрыялі благадаці роднага краю, але галоўнае – яны захаваны для Беларусі.